Вы тут

Алена Насачова: "Дасягненні не "падаюць з неба"


Яна з тых жанчын, якія на дробязі не разменьваюцца. Калі яна хоча нечага, то не траціць час на мары, а распрацоўвае план, каб дасягнуць жаданага. У свой час факультэт журналістыкі быў не адзінай перспектывай, але яна адчувала, што хоча трапіць на тэлебачанне. Сёння Алена працуе на "Беларусь 1" і міжнародным спадарожнікавым тэлеканале "Беларусь 24". Яна вядучая выпускаў "Навін", якія рыхтуе Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі. Паспрабаваўшы сябе ў амплуа рэдактара, аўтара праграм адчувае сябе камфортна ў фармаце навін. Пра тое, як сны становяцца рэальнасцю, ці магчыма жыць у стане эйфарыі і чаму "зорная хвароба" абмінае Алену, "Звязда" даведалася з першых вуснаў.

— Навіны — ваш стыль жыцця. Як можна яго апісаць?

— "Навіны" — на сняданак, "Навіны" — на абед, а часта і замест яго, апошнія падзеі перад сном і сон, у якім... спазняешся на эфір...

— Ці здаралася, што такія сны паўтараліся ў рэальнасці?

— Такіх сітуацый баялася асабліва на пачатку працы. А сны былі вельмі частымі. У іх нават былі дэтэктыўныя сюжэты, калі ў мяне аўто зганялі, у якім ляжыць мікрафонная папка. Я сама ў гэты час знаходжуся ў Барысаве, а да эфіру застаецца дзесяць хвілін... Дзякаваць Богу, у рэальным жыцці сюжэты, набліжаныя да сноў, мелі лагічны характар. Рэальных спазненняў на эфір у маёй практыцы не здаралася. Быў толькі выпадак, калі ў нас была "прафілактыка" на канале. Пра яе ўсе ведалі, таму пасля ранішніх эфіраў мы з калегай вырашылі паехаць па сваіх справах. А праз нейкі час нам тэлефануюць з работы і запытваюць, дзе мы знаходзімся, бо праз дзесяць хвілін прамы эфір. Мы, добра разумеючы, што такое немагчыма, "ляцім" на студыю.
І тут зноў тэлефонны званок, нам кажуць, што патурбавалі памылкова. Але стрэс тады адчулі жудасны.

— У свой час вы былі рэдактарам, вядучай, аўтарам праграм — якое з гэтых амплуа найбольш складанае ў выкананні?

— Амплуа навічка, калі толькі спасцігаеш азы. Думаю, так у любой прафесіі адбываецца да той пары, пакуль не "намацаеш" сутнасць, аснову, не зразумееш прынцып працы. А пасля таго, як гэта ўдаецца, то пачынаецца этап "адточвання майстэрства". І тут працэс не столькі карпатлівы, колькі азартны. Асабіста для мяне.

— Моманты "творчага крызісу" вам знаёмыя ці гэта проста спроба людзей апраўдаць сваю ляноту?

— Лянота з'яўляецца ці ад адсутнасці матывацыі, ці ад стомленасці. У мяне быў перыяд, калі менавіта ў творчым плане вельмі хацелася зрабіць паўзу, спыніцца, каб падумаць і раскласці ўсё па палічках... І гэта нармальна. Паглядзіце, вось, напрыклад, спартсмены падыходзяць да піку формы і нейкі час знаходзяцца ў такім стане, але ж не пастаянна. Але ніхто не кажа пра крызіс — усе ўспрымаюць такі ход падзей як натуральны. А чаму да творчых людзей стаўленне павінна быць іншым? Пагадзіцеся, жыць увесь час у стане эйфарыі немагчыма.

— Вы не першы год у эфіры. Тое самае адчуванне эйфарыі яшчэ прысутнічае?

— Эйфарыю адчуваю ад таго, што займаюся любімай справай.

— Часта вас гледачы пазнаюць на вуліцы?

— Здараецца. Часам падыходзяць і кажуць, што глядзяць мае праграмы. Чуць такое, безу-
моўна, прыемна. Бывае, сустракаюць мяне, доўга ўглядаюцца, а потым з пэўнай асцярожнасцю кажуць: "А якую праграму вы ведзяце, нагадайце, калі ласка". Такое таксама прысутнічае. Часта лаўлю проста дапытлівыя позіркі, магчыма, гэта зусім ніяк не звязана з папулярнасцю (<І>смяецца ).

— А так званая "зорная хвароба" вас абмінула?

— Я думаю, пытанне больш да тых, хто знаходзіцца побач. Хачу спадзявацца, што на "зорнасць" я не хварэла і не захварэю. Магчыма, калі вынікі "падаюць з неба", то ўспрымаюцца па-іншаму. А калі ты робіш крокі для дасягнення сваёй мэты, то вынік успрымаеш як заканамернасць, натуральна. І ў мяне на гэтым фоне не ўзнікае думкі, што я магу пазіраць на іншых звысоку.

— Фармат праграмы навін дазваляе вам эксперыментаваць з вобразам вядучай?

— Яшчэ як! Вы правільна заўважылі: фармат навін мае пэўныя рамкі. Сёння ў навінах стыль, як і раней, дзелавы, але "налёт рамантызму", на мой погляд, больш ярка прысутнічае, чым было гэта гадоў дзесяць таму. Тады немагчыма было ўявіць вядучую праграмы навін з расплеценымі валасамі ў кадры, ды яшчэ і з завітымі локанамі. А зараз мы ўспрымаем такі падыход нармальна. Тое ж самае можна сказаць і пра адзенне. Нават рукаў "тры чвэрці" быў не заўсёды дапушчальным, цяпер жа блузы з рукавамі-"ліхтарыкамі" — ужо не забарона. Тэлебачанне становіцца больш набліжанным да жыцця. І гэта ў роўнай ступені датычыцца не толькі кантэнту праграмы, але і таго, што мы называем "карцінкай". Калі тэмпература па краіне плюс трыццаць, а з экрана на вас пазірае строгі твар у дзелавым касцюме, то будзе адзін узровень успрымання. І зусім іншы прыклад, калі вядучая — яна ж не з іншай планеты — паведамляе апошнія навіны, але апранутая ў рамках "фармату" і "па надвор'і" — узмацняецца эфект прысутнасці і прыналежнасці. А эксперыментаваць я люблю!

— Як ставіцеся да пераўтварэнняў, калі трапляеце ў рукі стылістаў?

— З вядучымі Агенцтва тэлевізійных навін працуюць высакакласныя майстры. Самае каштоўнае — яны не навязваюць сваё бачанне, а толькі далікатна падкрэсліваюць і раскрываюць індывідуальнасць, працуючы над вобразам. Атрымліваецца своеасаблівы творчы тандэм стыліста і вядучага. У выніку мы маем не сюрпрыз, а тое, што з'яўляецца ў працэсе прадуманай сумеснай працы. Я кажу пра свой вопыт, таму, працуючы з новымі стылістамі і візажыстамі, галоўнае — дакладна паставіць задачу і разам яе паспяхова рэалізоўваць!

— На экране вы строгая лэдзі, а ў жыцці...

— Якая я ў жыцці, думаю, лепш было б спытаць у маіх блізкіх і тых, хто мяне добра ведае... Мабыць, бываю рознай. Перфекцыяністка — гэта дакладна. Праўда, я вучуся быць ёю не заўсёды, вучуся ўзнагароджваць сябе нават за невялікія перамогі і дасягненні...

— Дачка любіць пераймаць вашы паводзіны?

— Менавіта так, пераймаючы нешта ад дарослых, дзеці і спасцігаюць многае ў жыцці. У нас недзе нават ёсць яе фотаздымак, дзе яна ў маіх упрыгажэннях, у туфлях на абцасах і з папкай у руках. Такое здараецца перыядычна. І Наташа, і Жэня часам нават збіраюцца-адзявацца са словамі "ну, я паеду на працу!"

— Кажуць, у дзяцей можна шмат чаму навучыцца, вы згодны з гэтым?

— Безумоўна. Мне здаецца, што яны больш дарослыя, чым былі мы ў дзяцінстве. Наташа нарадзілася мудрай. Часам яна гаворыць, разважае так, быццам чалавек, які мае багаты жыццёвы вопыт за плячыма, зусім не па-дзіцячы. Жэня, хоць і малодшы за яе, але не саступае сястры ў гэтым. Памятаю, яму было гады два з паловай, калі ў адной нялёгкай сітуацыі ён сказаў: "Трэба галавой думаць!"

— Што важна ў выхаванні дзяцей?

— На жаль, быць бацькамі не вучаць ні ў школе, ні ва ўніверсітэце... А выхаванне — цэлая навука, і не адна! Я думаю, для таго, каб закласці ў дзіця нешта, трэба, як мінімум, каб адносіны базаваліся на даверы. Бо калі бацькі штучна ўзносяць сябе на п'едэстал і адтуль спрабуюць нешта сваім дзецям данесці, то, магчыма, тыя да нечага і прыслухаюцца, і нават вырастуць выхаванымі людзьмі, але з вялікай колькасцю пабочных эфектаў у выглядзе комплексаў. Таму я супраць аўтарытарных метадаў выхавання. І разам з тым, чым раней дзіця зразумее, што ў грамадстве існуюць пэўныя рамкі паводзін, што ў кантакце з іншымі людзьмі трэба паважаць іх межы, як і свае асабістыя, і г.д., тым лягчэй ім будзе арыентавацца ў жыццёвай прасторы.

Алена ДРАПКО.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».