Вы тут

Калі дрэвы сталі вялікімі...


Дом № 36, што па вуліцы Янкі Маўра ў Мінску, засяляўся ў 1972 годзе. Навасёлы шмат папрацавалі над упарадкаваннем свайго двара: хтосьці пасадзіў кусты, а нехта дрэвы: таполі, ліпы, бярозкі. Словам, кожны зрабіў свой унёсак у агульную справу. І ніхто тады не задумваўся, што з цягам часу дрэвы стануць вялікімі... і прынясуць не толькі прыемную прахалоду ў летнюю спякоту, але і нязручнасці.

— Мы тэлефанавалі ў жыллёва-эксплуатацыйную службу № 48 унітарнага прадпрыемства жыллёва-эксплуатацыйнага рамонтнага аб'яднання № 1 Фрунзенскага раёна, якое абслугоўвае тэрыторыю, дзе знаходзіцца наш дом. Прасілі, каб зрэзалі раскідзістыя дрэвы, што растуць пад самымі вокнамі. Але да гэтага часу ніякай рэакцыі на наш зварот няма, — патэлефанавалі ў рэдакцыю газеты мясцовыя насельнікі.

1375361496174_1-16

У двары дома сустракаю жанчыну.

— Вы тут жывяце? — звяртаюся да яе.

— Так, тут, з 1972 года, — адказвае яна.

— А што скажаце наконт дрэў? — цікаўлюся ў сваёй новай знаёмай, Галіны Рабацэвіч.

— А што тут скажаш, святло ў кватэру не прапускаюць. Бачыце, выцягнуліся аж да пятага паверха. У нашым доме жывуць дзве нямоглыя бабулькі, якія рэдка выходзяць на вуліцу. Калі іх наведваю, то пастаянна скардзяцца на вільгаць у кватэрах. На адваротным баку дома таксама шмат ценю і мала сонца. Некалькі гадоў таму адзін з мужчын спрабаваў зрэзаць дрэва, якое вельмі перашкаджала, дык сарваўся з вершаліны, разбіўся. На мой погляд, трэба прарэдзіць пасадкі, спілаваць дрэвы хаця б праз адно. Мне здаецца, што нашаму дому жыллёва-камунальная служба не надае належнай увагі. Колькі гадоў таму, праўда, правялі капітальны рамонт, дарожкі ў двары выклалі тратуарнай пліткай. Але работы выканалі няякасна — плітка правальваецца. Старыя спатыкаюцца, а малыя насы разбіваюць. Мой сусед звяртаўся ў ЖЭС, маўляў, прывязіце пяску, я сам выпраўлю хібы — ніякай рэакцыі.

Да нашай размовы падключаюцца і іншыя жыхары. Ніна Данілаўна жыве ў другім пад'ездзе на трэцім паверсе. Вільгаці ў яе кватэры няма, бо паставіла шклопакеты. А наконт дрэў ёй усё роўна: ёсць яны ці не.

Іншай думкі прытрымліваецца Ніна Уладзіміраўна Шыкуць:

— У пакоях як у турме — цёмна, няўтульна. Асабліва не па сабе робіцца, калі моцны вецер на вуліцы: баюся, што шыбы павыбіваюць галіны.

— Мы ўжо самі спрабавалі звесці самыя старыя і разгалістыя дрэвы, пад корань сыпалі атруту, хімікаты: не дапамагло — стаяць, як стаялі, — прызнаюцца жанчыны.

Раіса Станіславаўна наведвае сваю маці.

— У кватэры сапраўды змрочна, вільготна. Дрэвы, якія растуць шчыльна каля дома і не прапускаюць святло ў кватэры, трэба зрэзаць. Тыя, што паводдаль, нікому не перашкаджаюць. Няхай жывуць, радуюць вока, — зазначае яна.

Што скажуць на гэты конт у ЖЭС-48 Фрунзенскага раёна сталіцы? Кіруюся туды. Як сцвярджае галоўны інжынер Алег Галаўко, ніякіх заявак на абрэзку дрэў з дома № 36 пры ім не паступала. Праўда, ён часова замяшчае свайго начальніка, які зараз у адпачынку: можа, да яго і звярталіся жыльцы.

Алег Аляксандравіч паказвае заявы на спілоўку дрэў ад жыхароў дамоў №№ 66, 50, 68 па вуліцы Янкі Маўра, а таксама Адоеўскага, 31 і Бельскага, 61.

— І колькі трэба чакаць пасля падачы заявы, каб дрэвы спілавалі? — высвятляю ў свайго суразмоўцы.

— Справа робіцца па меры выдзялення транспарту ЖРЭА. Патрэбна спецыяльнае абсталяванне, інструмент, бензапіла. Задавальненне, бясспрэчна, нятаннае. Напрыклад, восем гадзін працы вышкі, без якой нельга спілаваць дрэвы, абыходзіцца ў мільён рублёў, — адказвае ён.

Ёсць выпадкі, калі людзі самі ціхенька абразаюць ці спілоўваюць разгалістыя дрэвы, прызнаўся Алег Галаўко. Але гэта незаконна і караецца штрафам. Дрэвамі, што месцяцца пры дарогах, у іншых месцах займаецца Мінскзелянбуд і адпаведныя раённыя арганізацыі; тымі, што растуць на дваровых тэрыторыях — ЖЭСы.

— Няхай жыхары дома № 36 звяртаюцца да нас з пісьмовай заяўкай, і мы вырашым праблему, — сказаў у заключэнне галоўны інжынер.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».