Вы тут

Андрэеўскі Крыж


У першыя два дні пакланіцца Крыжу апостала Андрэя ў Мінску прыйшлі дзясяткі тысяч чалавек.

Што рухае людзьмі, якія гатовы гадзінамі стаяць у чарзе, каб пакланіцца святыні? Набожнасць? Змірэнне? Спадзяванне на цуд? Напэўна, і першае, і другое, і трэцяе. А яшчэ здзіўленне перад сілай веры пакутнікаў, жаданне пераняць хаця б частку іх вопыту любові да Бога і блізкіх.

1375361480802_1

"Вядома, што хрысціянская Царква заўсёды шанавала і дагэтуль шануе мошчы святых, а таксама святыя прадметы, якія мелі дачыненне да іх жыцця і, вядома ж, да іх пакутніцкай смерці, — сказана ў інфармацыі Патрскай мітраполіі, з якой у Расію, Украіну і Беларусь быў дастаўлены Крыж Андрэя Першазванага. — Шануючы святыя прадметы, Царква набожна памінае святога і яго пакутніцтва. Прадметы, звязаныя з жыццём святога, дзякуючы непасрэднай блізкасці да яго, атрымалі асаблівы дар ад Бога. Гэта пацвярджаецца і тым фактам, што праз іх Бог стагоддзямі здзяйсняе для вернікаў мноства цудаў".

У першую ноч знаходжання на Беларусі Крыж, на якім прыняў смерць апостал Андрэй, быў прынесены ў Мінскі Свята-Андрэеўскі храм

(мікрараён Серабранка). "Ён пабываў у Доме сваім", — лічаць прыхаджане царквы. Некаторыя паломнікі пачалі займаць чаргу апоўдні папярэдняга дня і прастаялі больш за 12 гадзін, чакаючы святыню. З апоўначы, калі адчыніліся дзверы храма, і да 5 гадзін раніцы да Крыжа, па словах супрацоўнікаў міліцыі, падышлі 20-30 тысяч чалавек. Пасля паток вернікаў значна скараціўся, і да 10 гадзін, пакуль Крыж знаходзіўся ў храме, пакланіцца хрысціянскай рэліквіі можна было практычна свабодна. Адзін з банераў каля ўвахода паведамляў, што ўсе ахвяраванні паломнікаў пойдуць на завяршэнне другой чаргі будаўніцтва нядзельнай школы.

1375361480238_2

У другой палове дня 29 ліпеня Крыж святога Андрэя быў прынесены ва Усясвяцкі храм на скрыжаванні вуліц Усіхсвяцкай і Каліноўскага. Да апоўдня наступнага дня сюды, па словах служыцеляў храма, пакланіцца Крыжу прыйшло каля 40 тысяч вернікаў. 30 ліпеня ўдзень стаянне ў чарзе доўжылася каля 4,5 гадзін.

Крыж святога апостала Андрэя для таго, каб прыбыць на нашы землі, упершыню пакінуў не толькі межы грэчаскага горада Патры, але і Сабор, дзе ён знаходзіўся з 1980 года.

— Гэта адбылося дзякуючы волі Госпада і малітвам апостала Андрэя для таго, каб блаславіць нашчадкаў старажытнай Русі, — сказаў журналістам мітрапаліт Патрскі Хрызастом, які суправаджае святыню ў яе падарожжы па Расіі, Украіне і Беларусі. — Эладская Царква і Патрская Мітраполія атрымалі просьбу аб прынясенні Крыжа на гэтыя землі ў дні святкавання 1025-годдзя Хрышчэння Русі. Хрышчэнне гэта адбылося па жаданні князя Уладзіміра, але здзейсніла яго візантыйскае духавенства, таму паміж нашымі народамі існуюць вельмі глыбокія духоўныя сувязі. Гэтыя сувязі яшчэ больш умацоўваюцца з прыбыццём Крыжа апостала Андрэя на землі трох славянскіх народаў.

1375361481941_3

Уладыка Хрызастом прызнаўся, што вельмі крануты набожнасцю людзей, якія прыходзяць пакланіцца Крыжу, і запрасіў усіх таксама наведаць Сабор святога Андрэя ў горадзе Патры (Грэцыя), дзе захоўваецца таксама галава апостала.

У Расіі, па словах старшыні сінадальнага інфармацыйнага аддзела Рускай Праваслаўнай Царквы Уладзіміра Лягойды, да Крыжа святога Андрэя падышло каля паўмільёна чалавек.

Менавіта ў горадзе Патры апостал Андрэй пражыў апошнія гады свайго жыцця і прыняў пакутніцкую смерць. Першы вучань Хрыста сабраў тут вялікую хрысціянскую абшчыну і здзейсніў шмат цудаў. 30 лістапада 70 года праконсул Эгеат загадаў распяць Андрэя Першазванага на крыжы. Існуе меркаванне, што Крыж гэты меў форму Х, настолькі распаўсюджанае, што Х-падобны крыж сталі называць "андрэеўскім". Гэтая прылада для катавання, якая пасля смерці святога стала сведкам веры, была выраблена з дрэва алівы.

Ад самага дня распяцца і да ХІІІ стагоддзя Крыж апостала Андрэя захоўваўся ў горадзе Патры як каштоўная рэліквія. Потым ён быў перанесены на Захад і ледзь не загінуў у агні падчас Французскай рэвалюцыі 1789 года. Большая яго частка была выратаваная каталіцкім святаром, пасля чаго рэліквія захоўвалася ў ківоце, які меў форму правільнага крыжа, у манастыры ў Масаліі (Марсель). У 1980 годзе Крыж быў перададзены Рыма-Каталіцкай царквой праваслаўным горада Патры, дзе ён захоўваецца ў Новым храме, прысвечаным апосталу Андрэю.

1375361481795_4

Мноства вернікаў штодня прыходзяць да Крыжа Першазванага апостала і просяць аб дапамозе. Свяшчэннаслужыцелі і паломнікі часта бываюць сведкамі вылечвання апантаных злымі духамі. Вылечваюцца безнадзейна хворыя, многія знаходзяць выйсце са складаных жыццёвых праблем.

Крыж святога Андрэя прабудзе ў храме ў гонар Усіх Святых у Мінску да 8 гадзін раніцы 2 жніўня. Доступ да яго адкрыты ўдзень і ўначы.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».