Вы тут

Беларуская сіеста ў звычках люду мела месца


Зевес жа наўзніч лёг на печы,
Сярмягу ў голавы паклаў...
Ён грэў на печы стары плечы
І нешта ў барадзе шукаў.

"Тарас на Парнасе"

Дзякуючы ўжыванню нізкакаларыйнай расліннай ежы, просты люд Віцебшчыны быў не супраць паесці пры любым зручным выпадку. Гэта можна было назіраць не толькі на прыкладзе дзяцей, якіх за частую яду называлі парасятамі ("дзяцёнык, што пырасёнык: толькі пыдывай"), але і на людзях сталага і сярэдняга ўзросту, якім таксама "толькі пыдывай"! Аднак, піша Нікіфароўскі, для сапраўднай правільнай яды са спрадвечных часоў былі вызначаны пэўныя тэрміны, падчас якіх уся сям'я павінна была сабрацца за агульным сталом. Першабытныя людзі збіраліся ў пячорах вакол агню не толькі для сумесных трапез, але і для таго, каб падлічыць, ці цэлыя ўсе члены роду. Пазней, калі чалавеку ўдалося прыручыць свой выратавальнік агонь і пасадзіць яго ў печ, менавіта стол стаў рытуалізаваным цэнтрам дыяганалі жыцця кожнай беларускай хаты: покуць — стол — печ. Стол заўсёды быў засланы абрусам, на якім ляжалі хлеб і соль. Падчас абрадавых трапез (Дзяды, Каляды, Вялікдзень, вяселле і інш.) ён набываў функцыю своеасаблівага ахвярніка, калі пачастунак прызначаўся не толькі прадстаўнікам чалавечай, але і касмічнай супольнасці. І, вядома ж, ён служыў адным з галоўных месцаў, якое некалькі разоў на дзень аб'ядноўвала вакол сябе ўсіх членаў асобнай сям'і, бо, як вядома, нішто так не збліжае людзей, як сумесныя праца і яда. Паказчыкі тэрмінаў яды, як у асобнай сям'і, так і ў цэлай вёсцы, былі наступнымі: звычка, месцазнаходжанне сонца на небе і вясковы хранометр у выглядзе пеўня.

Зыходзячы з гэтага, выпрацаваліся чатыры тэрміны дзённай яды ў будні і святы, хаця на загавіны і разгавенне да іх дадаваліся новыя.

Расклад для ежы

Першая дзённая яда, "снідання", на працягу года была паміж шасцю і васьмю гадзінамі раніцы. За ёй не заседжваліся падоўгу, паколькі звычайна падавалася адна вадкая гарачая страва, ды і есці яшчэ асабліва не хацелася. Да таго ж кожны спяшаўся на працу. Зімой, пры адноснай вальготнасці працуючых, "снідання" было праз гадзіну пасля абуджэння. Улетку ж яно размяжоўвала дзве першыя "зыпражкі" і доўжылася столькі, колькі было патрэбна для адпачынку запражной жывёле (прыкладна гадзіну). Наогул, шаноўныя чытачы, цікава паразважаць аб тым, які ўплыў аказвалі хатнія жывёлы і птушкі на рэжым дня чалавека. Першы спеў пеўня азначаў, што яшчэ можна крыху паляжаць, а другі — што хутка ўжо трэба ўставаць. Прамежкі рабочага часу вызначаліся "запрогам і адпрогам" каня ці вала. Такіх "зыпражак" на працягу дня было тры: а) ад світання да "снідання"; б) ад "снідання" да абеду; в) ад абеду да заходу сонца. Так званы гадзінны "прывалык" пасля "снідання" рабіўся выключна ўлетку, каб даць адпачыць запражной жывёле. Але рабілася гэта не ва ўсіх сем'ях, бо да абеду трэба было зрабіць асноўную дзённую працу.

Абед складаў другую, асноўную частку яды і быў у прамежку паміж 10 і 11 гадзінамі раніцы. Прыблізным часам ад яго пачатку да канца варта лічыць "ладныю часіну", якую не трэба блытаць з "добрай часінай". Першае паняцце азначае прамежак часу, які быў патрэбны чалавеку, каб прайсці 5-6 вёрст, а другое — 10-12. Нагадаю шаноўным чытачам, што вярста — гэта мера даўжыні, роўная 1,06 км.

На абед збіраліся ўсе члены сям'і, якія працавалі каля дома. А для тых, хто працаваў у полі ці ў лесе, абед дастаўляўся на месца. Памятаю, калі мы з татам пасвілі кароў, я не мог дачакацца, калі матуля прынясе абед, бо раніцай жа есці не хацелася, а праз некалькі гадзін бегатні за каровамі і авечкамі ўжо аж "духі падхартала". Нарэшце, бліжэй да поўдня, жывёлы ад'ядаліся, супакойваліся і клаліся на зямлю для адпачынку і перажоўвання травы. А вось і матуля! Яна ласкава гладзіла мяне па галаве і пыталася: "Ну як, мой пастушок, есці захацеў?" "Вельмі захацеў, матулечка!" "Тады сядай". Маці ставіла на траву набор посуду, які складаўся з трох сініх каструлек, якія ўстаўляліся адна ў другую і замацоўваліся агульнай ручкай. Вельмі зручная рэч, бо ў адной руцэ можна было прынесці тры стравы. На цыраце мама раскладвала хлеб, лыжкі, відэльцы і ставіла самую вялікую каструльку з халадніком са шчаўя, свежымі гурочкамі, зялёнай цыбулькай, кропам і смятанай. Мы з бацькам браліся за лыжкі, а матуля, прысеўшы побач і сарваўшы кветку рамонку, ласкава пазірала на нас. Я не ведаю, колькі яшчэ часу мне адмерана ў гэтым, надзіва імклівым і кароткім жыцці, але я без развагі аддаў бы яго за тое, каб хоць на хвіліну вярнуцца ў той летні поўдзень, дзе мы з татам за сціплым абедам і побач — матуля з рамонкам...

Мікалай Якаўлевіч піша, што пры талацэ, якая адбывалася на пашы, сенакосе, у полі, трапезы адбываліся на месцы працы, куды трэба было дастаўляць ежу і посуд, што вельмі ўскладняла жыццё гаспадарам.

Энергія для працы

Ці ведаеце вы, шаноўныя чытачы, што такое сіеста? Ну, вядома ж: пасляабедзенны адпачынак у Іспаніі, Італіі, краінах Лацінскай Амерыкі. Але, як ні дзіўна, пасляабедзенны адпачынак быў характэрны і для беларускіх сялян, не кажучы ўжо пра паноў. Нікіфароўскі піша: "З нязначнай нацяжкай можна сцвярджаць, што поўдзень застае просты люд у абавязковым сне". Мне здаецца, нашы продкі мелі рацыю. Зімой і так дзень кароткі, а вось летам, адпачыўшы ў поўдзень гадзінку-другую ў прахалодзе можна з новай энергіяй брацца за працу.

У прамежку паміж 3 і 4 гадзінамі пасля поўдня ў сялян Віцебшчыны быў "палудзінь" — трэцяя дзённая яда. Ён не зацягваўся, асабліва ўлетку, бо падавалася адна страва, і свежыя сілы працаўнікоў і коней дазвалялі ўзяцца за працу з новай энергіяй. Зімой, калі "палудзінь" заканчваўся са змярканнем, мужчыны зноў завальваліся на бакавую, а жанчыны займаліся сваімі справамі.

Апошняя дзённая яда, "вячэря", была каля 7—9 гадзін вечара, і ёй заканчвалася дзённая праца простага люду. Выраз "вячэря — і спаць" адпавядаў рэчаіснасці: пасля яе некаторы час працавалі кухаркі ды пралі, а астатнія пасля кароткай малітвы накіроўвалі "ад столу к полу". За "вячэряй" ужываліся рэшткі дзённых страў, а пры іх адсутнасці на стале былі "хлеб ды вада — маладзецкая яда". Вечарам за сталом збіраліся ўсе члены сям'і, і старэйшыя выслухвалі справаздачу аб праведзеных работах і рабілі распарадак на заўтрашні дзень.

Вось такі парадак існаваў у жыцці сялян Віцебшчыны. Выключэнне складалі святочныя і памінальныя дні. На Каляды самыя разнастайныя стравы рыхтаваліся на "вячэрю". Прыкладна тое ж самае адбывалася і на Дзяды. А вось на "Радыніцу і Траецкія Дзяды" асноўныя стравы ўжываліся за абедам, часта на могілках продкаў.

Пры звычайным штодзённым жыцці, а зрэдку і на святы, існавала вядомая "хлуска" — паспешная сціплая яда, падчас якой чалавек з'ядаў два-тры "глыманлі" хлеба, бліна і інш. Вядома, часцей іншых "хлусілі" дзеці, пастухі ў полі, але тое ж рабілі і нямоглыя старыя, кухаркі, каб не было моташна; тыя, хто ішоў на палявыя работы, таксама троху "хлусілі", каб "ні було на шчэ сэрца" На "шчэ сэрца" — азначае нашча. Нікіфароўскі згадвае, што без усялякіх гігіенічных парад, дзякуючы адным традыцыям харчавання, просты люд ніколі не выходзіў з хаты, не праглынуўшы пару кавалкаў хлеба або не зрабіўшы некалькі глыткоў вады ці квасу. Нарэшце, "хлуска" магла быць пятай дзённай ядой, "пыдвячоркам" — асабліва ўлетку, калі работнік падчас апошняй "зыпражкі" даядаў рэшткі "палудзіннай" яды, каб лягчэй было вяртацца дадому з "парозным" посудам. У асобных выпадках "пыдвячорак" рабіўся на хаду, падчас вяртання з работы.

Рэцэпт "запяканкі з бульбы і грыбоў" ад Mаnn Kurt(а) з Мінска.

1 кг бульбы, 300 г свежых грыбоў, 60 г топленага масла, 1,5 шклянкі малака, 2 яйкі, 1-2 цыбуліны, соль, кмен.

Бульбу зварыць, абабраць, нарэзаць тонкімі скрылькамі. Свежыя грыбы (можна выкарыстаць і сушаныя) адварыць, нарэзаць саломкай, абсмажыць разам з нашаткаванай цыбуляй, дадаць кмен. У глыбокую патэльню, змазаную маслам, выкласці слаямі бульбу і грыбы. Верхні і ніжні слаі павінны быць з бульбы. Заліць малаком, змешаным з яйкамі і соллю, запячы ў духоўцы.

Аляксандр Вашчанка.

1375185300547_30-10

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.