Вы тут

Хэндмэйд у стылі "рэтра"


Памятаеце татальную моду на угі — аўстралійскія мяккія боцікі, у якіх нашы смелыя паненкі рассякалі па гурбах снегу і скакалі цераз лужыны? А можа, у глыбінях вашай шафы ляжыць нешта больш рарытэтнае? Напрыклад, джынсы-клёш са стразамі на кішэнях, велізарная куртка з кавалкаў тканіны або футболка, якая ледзь-ледзь прыкрывае пупок. А як вы ставіцеся да значкоў з Брытні Спірс ці Пакемонамі? Сёння падобных яркіх дэталяў не менш. Што, цікава, будзе захоўвацца на дне шафы яшчэ праз дзесяць гадоў?

1375104935370_25-24

Рамантыка і загадкавасць

Калі мінулым летам чарговым маст-хэвам (ад англ. Must hаvе — трэба мець абавязкова) для кожнай паважаючай сябе модніцы стала шыфонавая спадніца да падлогі, узровень негатыву ад бабулек каля пад'ездаў упаў: да даўжыні прычапіцца ўжо не атрымлівалася ніяк. А вось незадаволенасць прадстаўнікоў мужчынскага полу, наадварот, рэзка вырасла. І маладыя хлопцы, і дарослыя мужчыны ў інтэрнэце ў адзін голас абураліся: "Вярніце міні!" Чакалі, маўляў, лета, спадзяваліся налюбавацца на прыгожыя дзявочыя ножкі, а тут такія здзекі з боку жаночага полу!

"Ведаю, гэта дадае дзяўчыне жаноцкасці, мяккасці. Але ж калі ў гэтай спадніцы, раз-пораз спатыкаючыся, ходзіць кожная другая... Бачыць ужо не хочацца!" — выказаўся Віталь Спадрэнка, студэнт БДУІР.

...і ногі "ад вушэй"

Мода — дама супярэчлівая. Адны дзяўчыны ходзяць у доўгіх спадніцах, а іншыя дэманструюць ногі, апранаючы такія кароткія шорты, што з іх наперадзе выглядваюць... кішэні. І калі першае — рамантыка, другое — ужо сапраўдны "нефармат". Дзяўчатам падабаецца нестандартнасць і прастата (зрабіць такія шорты з джынсаў — адна хвіліна, патрабуюцца толькі нажніцы), а юнакам... зноў радасць.

Дарэчы, смешную гісторыю пра шорты з кішэнямі распавяла Аліна Пятрова, дзесяцікласніца: "Мая сяброўка вырашыла зрабіць сабе такія шорты з джынсаў. Маўляў, надакучылі, няхай будуць шорты. Схапіла нажніцы, давай рэзаць, а як скончыла — узялася за галаву: не паглядзела, з якой тканіны ў яе "брутальных" шортах кішэні зроблены. А там чырвоныя "сэрцы" на ружовым фоне. Прыйшлося і іх адрэзаць".

З "торцікам" у вушках

Дзяўчаты смела адкладаюць у бок стразы і банцікі: у моду ўвайшлі самаробныя ўпрыгажэнні з пластыку і дробнай фурнітуры, якую камбінуюць часам яшчэ як арыгінальна. У выглядзе чаго толькі не робяць завушніцы, каралі і бранзалеты! У дзявочых вушах боўтаюцца штучныя неверагодна рэалістычныя кветкі, кавалачкі тартоў, садавіна, мініяцюрныя прадметы паўсядзённага жыцця, героі мультфільмаў і нават выявы "зорак".

Навучыцца рабіць падобныя ўпрыгажэнні, дарэчы, вельмі проста, ды і матэрыялы не каштуюць вялікіх грошай.

Яна Лашук, студэнтка БДЭУ: "Хэндмэйд для мяне — і праца, і хобі. Аднойчы я ўбачыла ў інтэрнэце артыкул пра тое, як рабіць упрыгажэнні з палімернай гліны. З гэтага ўсё і пачалося. Зараз я — афіцыйна зарэгістраваны рамеснік, працую з рознымі матэрыяламі, абсалютна легальна зарабляю грошы сваім хобі. У Мінску многія дзяўчаты носяць маю біжутэрыю. Хіба гэта не выдатна?"

Фенечкі для "братоў"

Прэч правілы! Зноў у модзе свабодны стыль з налётам "этна" і фенечкі, фенечкі, цэлыя гронкі фенечак — што на мужчынскіх, што на жаночых руках. Юнакі апранаюцца ў кашулі з яркімі малюнкамі, дзяўчыны перацягваюць лоб шнурком, распускаюць валасы і разгульваюць у пышных "цыганскіх" спадніцах. А заадно зноўку (або ўпершыню) вучацца вязаць знакамітыя "бранзалеты дружбы" сваім "братам": існуе меркаванне, што мужчынскія рукі для такой тонкай працы не прыстасаваны.

Аўтар сама вельмі любіць фенечкі. На правай руцэ — сем, на левай — чатыры. І яшчэ штук дваццаць "маіх" у сяброў.

"Бабуліна радасць"

Узімку нарэшце і ў бабулі, якой толькі дай "папстрыкаць" спіцамі, была "хвіліна славы". Успомнілася схема вязання шапкі-"бурацінкі", у якой любімыя ўнукі бегалі ў дзіцячы садок. Галоўная дэталь што ў яе, што ў шапак, якія былі ў модзе апошняй зімой, — велізарны пампон. За звязанымі "косамі" і "каласкамі" творамі мастацтва ў чаргу выстройваюцца не толькі ўнукі, але і іх сябры: ледзь не кожны другі падлетак гэтую зіму правёў у аб'ёмнай шапцы з пампонам.

Ну а што ўжо казаць пра світары родам з васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, мода на якія распаўсюдзілася ўжо не толькі сярод хіпстараў, але і паўсюдна! Асаблівы шык, калі на світарах — арнамент з аленямі. Кажуць, адганяе злых духаў.

"Бачылі ў кіно стандартны сюжэт, калі маці ці бабуля на Каляды дорыць сыну світар з аленем, а той саромеецца яго насіць? Можа, гэта і было смешна колькі гадоў таму, але зараз мне такое адзенне вельмі падабаецца. Не толькі модна, але і вельмі ўтульна. Ды і дзяўчатам падабаецца — гавораць, гэта лепш, чым калі хлопцы ў расцягнутых таўстоўках ходзяць", — лічыць адзінаццацікласнік Антон Лычкоў.

Кананічнае "паляванне" на жывёл, дарэчы, таксама ў пашане: праўда, палююць не на шкуры, а на выявы. Акрамя ўжо названага аленя, у лідары выбіліся совы і ваўкі. Яны — усюды: на футболках, торбах і паліто, на завушніцах і падвесках у дзяўчат, у татуіроўках.

Прасоўваем вінтаж

Палюе сёння моладзь не на джынсы-"варонкі", а, напрыклад, на старыя дзядулевы акуляры ў велізарнай рагавой аправе. Тыя з безнадзейна старых пераўтварыліся ў модныя. Не дзіва: купіць такія ж фірменныя — дарагавата.

На крадзяжы дзедавых акуляраў і эксплуатацыі бабулінай працы ніхто спыняцца не мае намеру. Наступны пункт — растрыбушыць старыя скарбы ў шафах! Тут ужо пацешацца запаслівыя бацькі: квяцістая тканіна яшчэ з мамінага "пасагу" пойдзе на модныя кашулі і сукенкі ў кветачку, а тата, калі пашанцуе, ахвяруе сваю любую "касуху" ў шыпах з часоў бурнай маладосці. "Гэта добра, што мода паўтараецца. Людзям не трэба ўвесь час вынаходзіць нешта новае, заўсёды яшчэ і нешта старое знойдзецца, — лічыць Яна Бураўкіна, студэнтка філфака БДУ. — Я б на гэтыя кветачкі пяць гадоў таму і не паглядзела, а зараз яны падаюцца мне сапраўды прыгожымі, і я не думаю, што змяню сваё меркаванне. Мода зараз змяняецца ў лепшы бок, як мне падаецца".

Авангард ад сур'ёзных моднікаў

На дэсерт — нешта зусім незвычайнае! Напэўна, вы хоць раз ужо азіраліся, убачыўшы на вуліцы юнака з сумкай, якая вельмі нагадвае жаночую. Калі побач з ім не назіраецца дзяўчыны, у якой ён мог бы гэту сумку ўзяць, каб паднесці, вы дакладна сустрэлі ўжо не першага ў нашых краях сур'ёзнага модніка. Мода на "паўжаночыя" сумкі прыйшла з Еўропы і хутка заваёўвае папулярнасць нават у старшакласнікаў, не кажучы ўжо пра студэнтаў. Вось што кажа Андрэй Вельчын, першакурснік, уладальнік нават некалькіх такіх сумак: "Мне пашанцавала: у штодзённым коле зносін у мяне пераважна моладзь, яны ўсё разумеюць. Але вось дарослыя, асабліва пенсіянеры ... Чаго я толькі не наслухаўся! "Да дзяўчынкі падобны" — самае нявіннае. І ўсё таму, што я лічу, што гэта — прыгожа. Гэта не парушае ніякіх маральных нормаў. Чаму нельга? Спадзяюся, на вуліцах з кожным годам будзе з'яўляцца ўсё больш і больш хлопцаў, якія сочаць за сабой. Можа, тады людзі зразумеюць, што гэта нармальна".
І сапраўды, хто сказаў, што пагоня за "трэндам" — прэрагатыва выключна жанчын?

Кацярына ЖОРАВА.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.