Вы тут

"Мы павінны думаць аб узаемаразуменні"


Асоба Адама Мальдзіса не патрабуе дадатковага прадстаўлення. Нядаўна выдатны дзеяч беларускай культуры быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Спецыяльна для "Звязды" Адам Іосіфавіч пагадзіўся паразважаць пра вялікага беларускага асветніка, перспектывы развіцця беларускай нацыі, а таксама падзяліўся планамі і тым, што яго сёння турбуе.

1374237065445_19-7-2

"Скарына апярэджваў свой час"

— Атрыманне ордэна Францыска Скарыны — вельмі значная для мяне падзея. Але я тут жа кажу, што гэтую ўзнагароду атрымаў не столькі я, колькі пачынальнік беларускага кнігадрукавання, бо не было б яго — не было б і ўзнагароды. І асабліва мяне ўзрадавала тое, што, разглядзеўшы ордэн, я прачытаў надпіс па кругу: "Францыск Георгій Скарына". Я за такое разуменне змагаўся каля 45 гадоў! І да сённяшняга дня ідзе непатрэбная барацьба: ці называць нашага першадрукара толькі Францыскам і лічыць католікам, або толькі Георгіем і лічыць праваслаўным... Некалькі дзесяцігоддзяў назад мне на вочы трапіла крыніца, якая сведчыла, што праваслаўная сям'я Скарынаў у 1498 годзе прыняла паўторны хрост у полацкім касцёле імя святога Францыска, дзе гаспадарылі і вучылі лацінскай мове бернардзінцы. Яны, у адрозненне ад прадстаўнікоў іншых ордэнаў, не скасоўвалі першае хрышчэнне, а лічылі яго такім жа важным, як і другое. Таму і Скарына лічыў сябе і католікам, і праваслаўным, а найперш — хрысціянінам. Бо ён выкарыстоўваў крыніцы айцоў як каталіцкай, так і праваслаўнай цэркваў, цікавіўся нават лютэранствам і перадуніяцкімі памкненнямі, казаў, што трэба збліжаць праваслаўе з каталіцызмам. І гэтыя скарынаўскія заклікі актуальныя і сёння: мы павінны больш актыўна думаць аб узаемаразуменні.

Акрамя вызначэння веравызнання ідуць спрэчкі ў дачыненні мовы, з якой Скарына перакладаў Біблію: з царкоўнаславянскай, лацінскай, грэчаскай, старажытнаяўрэйскай? У 1982 годзе, калі я быў у Вялікабрытаніі, мне трапіў у рукі тэкст даследавання англійскага багаслова Э. Гендэрсона, які прыйшоў да высновы, што Скарына ведаў усе гэтыя мовы і выбіраў той варыянт, які яму найбольш падыходзіў. Або прыходзіў да спалучэння некалькіх крыніц.

Асоба першадрукара настолькі маштабная, яднае ў сабе столькі краін, народаў, веравызнанняў, што мне здаецца, цяперашні Папа Рымскі

(па волі Нябёсаў таксама Францішак) можа прыехаць на 500-годдзе выдання Скарынам Псалтыра, якое адзначым 6 жніўня 2017 года. Бо апошнія падзеі сведчаць, што Папа цікавіцца Беларуссю: накіраваў на ўрачыстасць у Будслаў свайго адказнага пасланца. Ды ўвогуле, лагічна ўявіць, што ў юбілеі возьмуць удзел першасвятары абедзвюх цэркваў. У маіх мроях будучае свята можа ахапіць усе мясціны, звязаныя з тым ці іншым перыядам жыцця першадрукара. Распачацца яно можа ў Падуі, дзе Скарына атрымаў доктарскую ступень, далей перайсці ў Прагу, Кракаў, Вільню і, нарэшце, дайсці да Полацка — радзімы асветніка.

Увогуле ж Скарына апярэджваў свой час. У Вільні ёсць дом па вуліцы Дзіджоі (Вялікай), дзе знаходзілася яго друкарня. Гэта была першая друкарня не толькі на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага, але і ўсяго ўсходняга славянства, усяго будучага Савецкага Саюза. Там пабачылі свет "Малая падарожная кніжка" і "Апостал". Прынята лічыць, што першая выйшла ў 1522 годзе, але я перакананы, што гэта адбылося на год раней. Бо ў Капенгагене захаваўся экзэмпляр "Малой падарожнай кніжкі" з пасхаліяй (календаром) на 1522 год. А які сэнс змяшчаць каляндар на год, які ўжо пачаўся? Гэтым выданнем наш першадрукар зрабіў вялікі крок наперад, бо я не ведаю іншых выпадкаў існавання ў Еўропе "кішэнных" выданняў на той час. І цяпер цалкам магчыма сумесна з літоўцамі аднавіць Скарынаву друкарню ў Вільні — наколькі мне днямі стала вядома, пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын горача падтрымлівае такую ідэю.

У імя інтарэсаў беларускай дыяспары

— У хуткім часе ў Інстытуце культуры Беларусі будзе адноўлена музейная экспазіцыя "Беларусы ў свеце". Яе адкрыццё будзе прымеркавана да 6-га з'езда беларусаў свету, які адбудзецца 23-24 ліпеня ў Мінску.

Экспазіцыя гэтая ўзнікла напрыканцы мінулага стагоддзя ў Нацыянальным навукова-асветным цэнтры імя Францыска Скарыны, якім я тады кіраваў. Там, у гістарычным доме Інбелкульта па вуліцы Рэвалюцыйнай, 15, сабралася даволі багатая і каштоўная калекцыя карцін, скульптурных выяў, тканін, дакументаў, кніг, іншых прадметаў, падараваных нашымі суайчыннікамі з розных краін. Там мы прынялі рашэнне стварыць музей "Беларусы ў свеце" і выдаць у дзвюх частках энцыклапедычны даведнік пад той жа назвай: адзін прысвяціць памежжу, другі — далёкаму замежжу.

Пасля таго, як Цэнтр Скарыны быў закрыты, экспанаты трапілі ў Нацыянальны гістарычны музей, але там не аказалася памяшкання для іх экспанавання. І тут ініцыятыву праявіў Інстытут культуры Беларусі, аддаўшы пад такую выставу дзве прасторныя аўдыторыі. Хоць шмат часу ўжо ўпушчана, і таму аднаўленне экспазіцыі павінна адбывацца ў аўральным тэмпе. Я спадзяюся, што ўсё атрымаецца.

Акрамя таго, зараз ствараецца сайт "Беларускае замежжа", на якім будзе палічка "Беларуская дыяспара". Таксама там плануецца змяшчаць матэрыялы пра беларускія матэрыяльныя і духоўныя скарбы, што знаходзяцца за мяжой, і пра нашы грамадска-культурныя сувязі з іншымі краінамі.

У выніку працы ў нас сабралася вялікая база даных, якая дала магчымасць стварыць даведнік "Сузор'е беларускага памежжа" — пра беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, што жылі і жывуць у суседніх краінах. Туды ўвойдзе каля 1800 персаналій. Гэта людзі, якія сталі "донарскай крывёй", працуючы на карысць суседніх краін і народаў, і мы можам імі ганарыцца. У даведнік увойдуць дзяржаўныя дзеячы, вайскоўцы, вучоныя, дзеячы літаратуры і мастацтваў і нават адзін рабочы, на рахунку якога некалькі дзясяткаў вынаходак... Пры складанні даведніка нас у першую чаргу цікавіла асоба чалавека. "Сузор'е беларускага памежжа" будзе першым томам вялікага даведніка "Беларусы ў свеце", а ў другім томе мяркуецца ахапіць далёкае замежжа. Магчыма, будзе створана і трэцяя частка — пра слынных нашчадкаў нашых суайчыннікаў за мяжой.

Работа над энцыклапедычным даведнікам зацягнулася на некалькі гадоў і была шматпакутнай. За гэты час адбываліся і камічныя, і трагічныя, і нават дэтэктыўныя гісторыі, напрыклад, калі пры вяртанні матэрыялаў з аднаго з выдавецтваў у аўтарскі калектыў пэўная іх частка — каля 80 артыкулаў — проста знікла. Даводзілася іх аднаўляць. Але цяпер уся аўтарская работа ўжо завершана. Дарэчы, у рэдкалегію даведніка ўваходзіць і галоўны рэдактар "Звязды" Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч, які напісаў найбольшую колькасць артыкулаў для выдання — пад сотню. Я думаю, што напрыканцы лета кніга пабачыць свет.

Дзе "гістарычнае мысленне" і чаму няма "Нёмана"?

— Летась я браў удзел у "круглым стале" ў Кракаве, прысвечаным беларуска-польскай спадчыне. І там ішла сур'ёзная гаворка пра занясенне праспекта Незалежнасці ў Мінску ў спіс архітэктурных помнікаў ЮНЕСКА. Але каля цырка пачалі ўзводзіць гасцініцу "Кемпінскі", і з-за гэтай шэрай і безаблічнай будыніны ансамбль праспекта разбурыўся. Новы будынак літаральна цісне на гледача, і калі зірнуць у яго бок са скрыжавання з вуліцай Казлова, адчуваеш, што велічны помнік на плошчы Перамогі на такім фоне проста раствараецца ў прасторы. Да таго ж на месцы будоўлі стаяла першая ў Мінску і, бадай, у Беларусі зграбная электрастанцыя. Яе цяпер збіраюцца перанесці ў іншае месца, але ж гэта будзе праява яўна не гістарычнага мыслення!

Апрача гэтага, ёсць яшчэ адна з'ява, якая мяне турбуе. Я ўсё жыццё меў як кліент дачыненне да "Саюздрука". Нядаўна мне спатрэбіліся некалькі нумароў часопіса "Нёман", дзе была толькі што надрукаваная вельмі важная для мяне і маіх калег падборка артыкулаў пра крыж Еўфрасінні Полацкай. Я абышоў каля двух дзясяткаў шапікаў і крам і не знайшоў ніводнага экзэмпляра. Калі ж запытаў у магазіне каля галоўпаштамта, колькі экзэмпляраў яны там замаўлялі, мне... адмовіліся адказваць. Удалося толькі высветліць, што нават калі людзі пытаюцца, іх адзінкавыя замовы не выконваюць. Тое самае датычыцца і велікодных, калядных, навагодніх паштовак на беларускай мове: на кожнае свята я накіроўваю 30-40 віншаванняў за мяжу, але знайсці класічны фармат вельмі цяжка, бо паўсюль прадаюцца толькі безгустоўныя, аляпаватыя, вялікія і таму дарагія псеўдапаштоўкі. Вось што-што, а "Плейбой" і розныя "модныя" маскоўскія выданні ўсюды ёсць, а "Нёмана" і тым больш "Полымя" ці "Маладосці" — няма... Вось і купляй тут сваё!

Трэба было б таксама скарэктаваць працу газетных кіёскаў па выхадных. Бо калі прыязджаюць турысты, ім часам няма нават дзе купіць тыя ж паштоўкі з відамі Мінска. Трэба, каб у кожным мікрараёне ў суботу і нядзелю працаваў хаця б адзін шапік.

"Наша задача — браць лепшае з Захаду і Усходу"

— На тэрыторыі Беларусі заўжды мірна ўжываліся і праваслаўныя, і католікі, і ўніяты, і пратэстанты, і мусульмане, і іўдзеі. Паглядзіце на беларускія мястэчкі: на адным баку плошчы стаіць праваслаўная царква, на другім — касцёл, а часам яшчэ і сінагога, і мячэць. У нас не было зафіксавана вострых выпадкаў варожасці паміж канфесіямі і нацыянальнасцямі. Усе мірна ўжываліся, ведалі мовы адно аднаго. У першыя гады савецкай улады ў Беларусі былі чатыры дзяржаўныя мовы: беларуская, руская, польская і яўрэйская. Яшчэ князь Вітаўт праводзіў такую палітыку: ён не браў татараў у палон, а даваў ім зямлю і заахвочваў шлюбы з протабеларускамі. І ў выніку гэтага ў іх дамах запанавала "матчына мова" (у літаральным сэнсе, бо ішла ад жаночай лініі): мусульманскія свяшчэнныя кнігі "кітабы" пісаліся арабскімі пісьмёнамі, але на беларускай мове! Гэта, здаецца, адзіны такі выпадак сярод мусульман.

Я не падзяляю папрокаў, што беларусы самавольна не шануюць сваю нацыянальную культуру. Дзесьці ў глыбіні душы яны ёй ганарацца. Проста так склалася, што гэтая памяць у нас размыта гісторыяй. Мы ўвесь час уваходзілі ў суседнія дзяржаўныя ўтварэнні: Кіеўскую Русь, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітую, Расійскую імперыю, Савецкі Саюз... Усё нібыта сваё і нібыта не сваё. Да таго яшчэ і рэлігійнае раздваенне: калі ты праваслаўны — значыць, рускі, а калі католік — значыць, паляк...

Такім чынам, паколькі мы знаходзімся на памежжы двух вялікіх культурных макрарэгіёнаў, Захаду і Усходу, нашая задача — браць лепшае і адтуль, і адсюль. Нам патрэбен сінтэз сусветных тэндэнцый з мясцовымі, народнымі, нацыянальнымі традыцыямі. Глабалізацыя мяне палохае сваёй нівеліроўкай адметнасцяў. Мне здаецца, што яе век не будзе доўгім, нешта ж абавязкова прыйдзе ёй на змену. У маім перакананні, пасля глабалізацыі будзе — і ўжо наступае — касмізм, касмічнае мысленне і ўспрыняцце Сусвету. Вось нядаўна ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва была выстава нашага фатографа і астранома Віктара Малышчыца "Беларусь у абдымках зорак". Пасля яе ў мяне засталося адчуванне, што мы ў Космасе не адны.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.