Вы тут

Што шкодна і што неабходна для сасудаў галаўнога мозгу


Старэнне насельніцтва ва ўсім свеце выклікае павышаную цікавасць урачоў да ўзроставых захворванняў у пажылых і старых. Для людзей пажылога ўзросту застаецца актуальным захаванне актыўнага даўгалецця і як мага больш высокай якасці жыцця.

Паводле слоў намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі 3-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі г. Мінска Галіны КРАЎЧУК, прыкметы нармальнага старэння арганізма выглядаюць наступным чынам:

  • сіметрычнае зніжэнне нюху і зроку;
  • зніжэнне мышачнай масы на 20-30 працэнтаў;
  • павелічэнне часу рухальных рэакцый, асабліва запавольваецца хуткасць выканання дробных хуткіх рухаў;
  • узмацненне фізіялагічнага трэмару (дрыжанне рук, галавы);
  • лёгкае парушэнне плаўнасці рухаў;
  • запавольванне хады, змяншэнне агульнай рухальнай актыўнасці;
  • сімптомы лёгкай вегетатыўнай дысфункцыі, уключаючы схільнасць да запораў, сексуальную недастатковасць, лёгкую ортастатычную гіпатэнзію (зніжэнне артэрыяльнага ціску пры рэзкай змене становішча цела з гарызантальнага ў вертыкальнае);
  • павышаная адчувальнасць да зніжэння тэмпературы навакольнага асяроддзя;
  • лёгкае парушэнне памяці на нядаўнія падзеі (гэта не павінна праяўляцца асаблівым чынам, а фіксавацца толькі з дапамогай спецыяльных нейрапсіхалагічных методык);
  • зніжэнне хуткасці апрацоўкі новай інфармацыі;
  • зніжэнне здольнасці да навучання;
  • магчыма дабраякаснае галавакружэнне, звязанае са старэннем структур унутранага вуха, якое ўзнікае падчас павароту галавы, і не патрабуе лячэння;
  • поўнасцю захоўваюцца арыентацыя ў часе, прасторы і ўласнай асобе, крытычнасць, мысленне, лік, маўленне.

Нармальнае старэнне трэба адрозніваць ад захворванняў. У пажылым і старэчым узросце вельмі папулярныя хваробы сасудаў галаўнога мозгу:

  1. вострыя — інсульт, транзіторная ішэмічная атака, вострая гіпертэнзіўная энцэфалапатыя (звязаная з артэрыяльнай гіпертанзіяй);
  2. хранічныя — дысцыркуляторная атэрасклератычная энцэфалапатыя (парушэнне цыркуляцыі крыві, звязанае з атэрасклерозам), хранічная гіпертэнзіўная энцэфалапатыя.

Як праяўляюцца вострыя хваробы сасудаў галаўнога мозгу?

  • раптоўны пачатак, часта раніцай або пасля эмацыянальных, фізічных перагрузак;
  • моцны галаўны боль;
  • часам ваніты;
  • парушэнне маўлення;
  • рэзкая слабасць у руцэ, назе;
  • часам раптоўнае парушэнне зроку, псіхікі.

Хранічныя хваробы сасудаў галаўнога мозгу праяўляюцца:

  • галаўным болем;
  • галавакружэннем, шумам у галаве;
  • няўстойлівасцю падчас хады, парушэннем каардынацыі рухаў, раўнавагі;
  • запавольваннем рухаў, цяжкасцямі падчас пачатку руху, маларухомасцю, скарачэннем кроку;
  • эмацыйнай няўстойлівасцю, дэпрэсіяй (зніжэнне настрою, апетыту, страта вагі, парушэнне сну, стамляльнасць, хранічныя болевыя сіндромы, злоўжыванне алкаголем, суіцыдальныя думкі);
  • парушэннем сну, памяці і ўвагі;
  • падзеннямі, стратай прытомнасці, эпілептычнымі прыпадкамі;
  • парушэннем маўлення;
  • цяжкасцю падчас глытання;
  • сасудзістым паркінсанізмам (нязначнае павышэнне мышачнага тонусу, дрыжанне канечнасцяў, галавы).

Часта праявы хранічных цэрэбраваскулярных захворванняў падобныя да сімптомаў дысметабалічнай энцэфалапатыі.

Найбольш частыя прычыны дысметабалічных энцэфалапатый:

  • гіпаксія — анеміі, захворванні лёгкіх;
  • ішэмія — сардэчна-сасудзістыя захворванні (уключаючы спыненне сэрца), арытміі, артэрыяльная гіпертэнзія;
  • сістэмныя захворванні — хваробы нырак, печані, падстраўнікавай залозы, дэфіцыт вітамінаў, эндакрынныя захворванні (асабліва часта — цукровы дыябет), васкуліты, інфекцыйныя захворванні і сепсіс, паранеапластычныя працэсы (звязаныя з анкалагічнымі захворваннямі);
  • дзеянне таксічных рэчываў — алкаголю, цяжкіх металаў, фосфарарганічных рэчываў, пестыцыдаў, лекавых прэпаратаў (барбітураты, наркатычныя рэчывы, транквілізатары, антыканвульсанты, кортыкастэроіды, антыдэпрэсанты, нейралептыкі і інш.).

Прафілактыка і лячэнне хвароб сасудаў галаўнога мозгу

  1. Пры ўзнікненні вострай цэрэбраваскулярнай хваробы неабходна легчы ў ложак і тэрмінова выклікаць "хуткую". Пры павышаным артэрыяльным ціску прыняць прэпарат для яго зніжэння.
  2. У харчаванні павінна быць дастаткова калію, кальцыю, магнію, вітамінаў, клятчаткі, поліненасычаных тлустых кіслот. Уключайце ў рацыён гародніну, садавіну, ягады, рыбу, малочныя прадукты, кашы, зяленіва, а таксама разынкі, інжыр, бананы, моркву, буракі, гарбузы, кабачкі, капусту, сельдэрэй.
  3. Неабходна фізічная актыўнасць. Як мінімум — ранішняя гімнастыка і хада не менш за 2 км у дзень. Насіце зручны абутак, карыстайцеся палкай, не рабіце рэзкіх рухаў.
  4. Трэніруйце памяць (вучыце вершы, тэксты, займайцеся інтэлектуальнай дзейнасцю).
  5. Займайцеся любымі даступнымі відамі дзейнасці, каб быць карыснымі сваім блізкім, сябрам, навакольным.
  6. Прымайце медыкаменты па прызначэнні ўрача курсамі па 1-2 месяцы 2 разы на год (вінпацэцін, пірацэтам, эмаксіпін, інстэнон, мілдранат, танакан і інш.).
  7. Дасягайце мэтавага ўзроўню артэрыяльнага ціску з дапамогай адэкватнага лячэння артэрыяльнай гіпертэнзіі.
  8. Лячыце станы, якія выклікаюць вышэйпамянёныя дысметабалічныя парушэнні, пазбягайце інтаксікацый.
  9. Падтрымлівайце добры настрой і аптымізм.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».