25 верасня, пятніца

Вы тут

Недахоп сродкаў ці... свядомасці?


Дэпутаты Брэстчыны абмеркавалі стан навакольнага асяроддзя і яго ўплыў на якасць жыцця

Самы аддалены раён вобласці, на мяжы з Гомельшчынай, быў выбраны для выязной сесіі невыпадкова. Па колькасці сельскага насельніцтва Столінскі раён — адзін з самых буйных рэгіёнаў рэспублікі. Шэраг населеных пунктаў пацярпеў ад наступстваў аварыі на ЧАЭС, што накладвае адбітак на жыццё і гаспадарчую дзейнасць людзей. Да таго ж раён вельмі цікавы разнастайнасцю менталітэтаў людзей, якіх усё ж аб'ядноўвае агульная рыса — працавітасць.

Напрыклад, столінскіх альшанцаў уся краіна ведае як перадавы атрад вытворцаў агуркоў і пастаўшчыкоў агурочнай прадукцыі на расійскі рынак. Падчас сесіі, дарэчы, давялося ўпершыню пачуць, што ў Альшанах пачалася пераарыентацыя вытворчасці: многія гаспадары пераходзяць ад агуркоў на памідоры, клубніцы, іншыя культуры. Патрэбам і капрызам рынку даводзіцца дагаджаць.

1374153216681_17-19

Вядома, абласная сесія не ставіла задачу вырашыць такія глабальныя пытанні, як змяненне стану навакольнага асяроддзя, але імкнулася засяродзіць увагу дэпутатаў і службовых асоб на асобных важных аспектах гэтай тэмы.

Ад старшыні абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, дэпутата аблсавета Тамары Ялкоўскай прысутныя даведаліся, што для экалагічнай бяспекі зроблена нямала. Напрыклад, менш выкідваецца бруду ў паветра, бо выведзены са звароту фрэон R-12

, які разбурае азон. Шмат увагі надаецца збору і перапрацоўцы другаснай сыравіны, што ў многім засцерагае зямлю ад лішняга смецця. Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы праводзяць пастаянную работу па навядзенні парадку на зямлі, пра што сведчыць нядаўні падрабязны разбор гэтай тэмы, праведзены на пасяджэнні абласнога выканаўчага камітэта.

І разам з тым ёсць вялікае кола праблем, што чакаюць разумнага ўмяшання чалавека. Вельмі шмат выкідваецца ў паветра рэчываў, якія яго забруджваюць. Па колькасці выкідаў з "мабільных крыніц" (гэта значыць, з машын) Брэсцкая вобласць займае трэцяе месца ў краіне. Горш за ўсё тое, што машыны выкідваюць бруд на ўзроўні дыхання чалавека. Колькасць машын расце, а значыць, усе мы з кожным годам паглынаем больш газаў.

І на гэтым фоне вельмі непераканаўча выглядае ўзровень азелянення ў многіх гарадах. Паводле горадабудаўнічых нормаў, у раёнах жылой забудовы ўзровень азелянення павінен быць не менш за 25%. А ў гарадах Бяроза, Белаазёрск, Драгічын, Кобрын, Каменец, Столін, Івацэвічы плошча зялёнай зоны не дасягае нават 9 працэнтаў. Не асабліва зважаюць на загубленую зеляніну пры будаўніцтве і ў Брэсце. Таму нядзіўна, што летам эколагі адзначаюць тут перавышэнне канцэнтрацыі фармальдэгіду ў паветры.

Яшчэ раз звярнулі ўвагу дэпутатаў на неабходнасць кампенсаваць прыродзе страты. Калі для патрэб будоўлі было ссечана дрэва альбо заасфальтавана клумба, значыць, трэба пасадзіць новае дрэва і зрабіць іншую клумбу. Але, на жаль, ёсць цэлы пералік раёнаў, дзе за ўвесь мінулы год такія рашэнні ўвогуле не прымаліся. Гэта ўжо сведчыць не столькі пра недахоп сродкаў, колькі пра недахоп свядомасці.

Як і ў выпадку з баршчэўнікам Сасноўскага, раслінай, што ўяўляе сабой рэальную небяспеку. Пра гэта як быццам усе ведаюць. Але меры прымаць не спяшаюцца. Амаль у кожным раёне вобласці ёсць сельсаветы, дзе пасялілася шкодная расліна. Відавочна, што з ёй трэба змагацца, пакуль зараслі невялікія.

Яшчэ большая адказнасць за беражлівае стаўленне да прыродных рэсурсаў абумоўлена тым, што ў вобласці самая вялікая частка асабліва ахоўных тэрыторый — 14% ад усёй плошчы складаюць запаведнікі, заказнікі. (Сярэднерэспубліканскі паказчык амаль удвая меншы.) І мы, сучаснікі, павінны быць адказныя за прыроду. Бо, як вобразна выказалася Тамара Ялкоўская, "атрымалі яе не ў спадчыну, а пазычылі ў будучых пакаленняў".

Работу, у тым ліку на будучыню, і ацэньвалі дэпутаты падчас наведвання цэлага шэрагу аб'ектаў. Пра такія гаспадаркі, як СВК "Фядоры", цяпер звычайна гавораць: "Кааператыў устойліва развіваецца". У гэтым можна было пераканацца, зірнуўшы на дзве сучасныя фермы па ўтрыманні буйной рагатай жывёлы. Пры сярэдняй зарплаце па сельгаспрадпрыемстве 4,8 мільёна рублёў, жывёлаводы атрымліваюць па 6-7 мільёнаў. Пры гэтым ялавічына, атрыманая ў Фядорах, мае адзін з самых нізкіх сабекоштаў у краіне. Дэпутаты звярнулі ўвагу на выключную чысціню вакол фермаў, кветкі, дэкаратыўныя кусты. Гэта, несумненна, мае вялікае значэнне як для працаўнікоў вытворчасці, так і для астатніх жыхароў вёскі. Тым больш што гаспадарка не адмяжоўваецца ад жыцця аграгарадка, ад праблем мясцовай улады. Дырэктар школы паказаў сваю навучальную ўстанову, узведзеную 30 гадоў таму, і заўважыў, што рамонт зроблены за кошт СВК. Школа ззяе новай фарбай і ўжо сёння гатовая прыняць дзяцей на новы навучальны год. У чэрвені тут працаваў школьны лагер, але бацькі не плацілі за харчаванне дзяцей зусім. І гэты клопат, як няцяжка здагадацца, узяло на сябе сельгаспрадпрыемства. Старшыня Фядорскага сельскага Савета Марыя Мельніковіч расказала, што падтрымку гаспадаркі адчуваюць мясцовы Дом культуры, урачэбная амбулаторыя, лазнева-пральны камбінат. Цікава было даведацца, што ў вёсцы развіваецца прыватны бізнес. Прадпрыемства Мікалая Філановіча займаецца паліграфічнымі работамі і візуальнай рэкламай. Шыльды з назвамі вуліц для вёскі вырабляюць цяпер на месцы.

У Гарадной дэпутатаў і старшыню аблсавета Сяргея Ашмянцава сустракалі не толькі работнікі цэнтра ганчарства, як было прадугледжана праграмай. Калі вяскоўцы даведаліся пра такі прадстаўнічы візіт, яны загадзя прыйшлі да Дома культуры, каб задаць свае пытанні. Аказалася, іх найбольш хвалявала арганізацыя закупу чарніц прадпрыемствамі кааперацыі. "Перакупшчыкі з рукамі адрываюць, хоць і дыктуюць свае цэны, — скардзіліся людзі, — а ў нашай краме працуе чатыры прадаўцы, але ягады ніхто не прымае". Адказ даў намеснік старшыні райвыканкама — паабяцаў, што ягады будуць браць з заўтрашняга дня па 10 тысяч рублёў за кілаграм (перакупшчыкі даюць толькі 8 тысяч). І тут жа аматарам збору напомнілі пра неабходнасць радыяцыйнага кантролю дароў лесу. Але пра гэта вяскоўцы і самі ведаюць, бо забруджаныя ягады не возьме ні перакупшчык, ні нарыхтоўшчык.

Варта адзначыць, што праславіліся працавітыя гараднянцы не земляробствам і зборам лясных дароў, а найперш ганчарным промыслам. Некалі з-за мноства рамеснікаў мястэчка стала амаль горадам і атрымала свой герб і права на самакіраванне. Тут абавязкова падкрэсляць, што магдэбургскае права Гарадной было дадзена на тры гады раней, чым нават Пінску. Потым гісторыя не вылучалася ласкавым стаўленнем да мястэчка. Да гонару вяскоўцаў, рамяство захавалі (сведчаннем таму цэлая галерэя партрэтаў майстроў у музеі ганчарства). Тут працуе школа ганчароў, праводзяцца міжнародныя пленэры, ладзяцца выставы...

Манькавіцкі парк — адна з былых рэзідэнцый князёў Радзівілаў — цікавіў дэпутатаў не толькі як помнік рэспубліканскага значэння. Старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі расказаў, як падтрымліваецца парадак у гэтым цудоўным кутку горада. Гараджане вельмі ганарацца жамчужынай прыроды і ахвотна ўдзельнічаюць у кампаніі па яго прыбіранні. Вясной парк разбіваецца на сектары і замацоўваецца за прадпрыемствамі, установамі і арганізацыямі, і нікога не трэба прымушаць прыбіраць "імем рэвалюцыі". Па 15-20 чалавек з кожнай арганізацыі выходзяць на суботнікі. А кіраўнік камунальнага прадпрыемства "Манькавіцкае" пахваліўся, што завод па вытворчасці гарэлкі, заснаваны яшчэ Радзівіламі ў 1879 годзе, перайшоў на новую тэхналогію. Цяпер для асноўнай вытворчасці выкарыстоўваецца ўтрая менш прыроднай вады, чым раней.

Вынікі сесіі падвёў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў, запэўніўшы, што аблсавет заўсёды будзе трымаць экалагічнае пытанне ў полі зроку.

Столінскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Культавая пабудова, якая будзе асвечана на свята Пакроваў у гонар свяціцеля Патрыка, асветніка зямлі Ірландскай, ужо цалкам гатова, засталося толькі упрыгожыць храмавыя сцены іконамі.

Палітыка

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

«Горш за ўсё, калi канфрантацыйная рыторыка гучыць з боку ўлады».

Грамадства

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?

У гэтым праекце знаёмім вас з бяздзетнымi парамi, якiя хацелі, але праз стан свайго здароўя не маглі мець дзяцей.