Вы тут

МІХАІЛ (Словы пра жывапісца Міхаіла Савіцкага)


Яблыкі

Валодзя Ісачанка захапіўся творамі Міхаіла Савіцкага. Ён прапанаваў мне пайсці да свайго куміра ў майстэрню і папрасіць дазволу глянуць на новыя карціны, прысвечаныя вязням нямецкіх канцэнтрацыйных лагераў. Пра карціны хадзіла шмат чутак і легендаў, але мала хто тые палотны бачыў. Ісці да Савіцкага я пагадзіўся. Мы нават прыйшлі пад дзверы майстэрні. Мы нават мастака дачакаліся. Савіцкі з'явіўся з газетным кульком, поўным яблыкаў. Мы павіталіся з майстрам, але акрамя "добры дзень" нічога не сказалі. Пасаромеліся. Ісачанка думаў, што я загавару з Савіцкім, а я быў упэўнены, што загаворыць ён. Так мы і не зайшлі ў майстэрню з легендарнымі карцінамі.

1374061543932_12-7

Пазнавальнасць

Углядаючыся ў карціны і ўчытваючыся ў кнігі, ты міжволі шукаеш сябе. Калі ў чужых творах ты пазнаеш свой свет і сябе ў ім, мастак робіцца для цябе блізкім і сваім. Пра адных пісьменнікаў і мастакоў ты можаш сказаць "мой", а пра другіх ты так не кажаш. Міхаіл Савіцкі — мой мастак. Прыйшоўшы ў краязнаўчы музей маляваць чучалы ваўкоў, я спыніўся каля карціны "Добраахвотнікі". На ёй сяляне ў каўпаках і працоўныя ў картузах ды кепках запісваліся ў народнае войска. У адным з працоўных я пазнаў сябе. Каб развеяць сумневы, я паклікаў аднакурсніка Гену Чэха, які таксама маляваў чучалы жаўтавокіх ваўкоў. У вобразе працоўнага ў чорнай кепцы Чэх мяне прызнаў. З палатна "Добраахвотнікі" я глядзеў сам на сябе. Раней на палатне я быў крыху старэйшы за сябе рэальнага, а цяпер я там значна маладзейшы, але ўсё яшчэ падобны, усё яшчэ пазнавальны.

Заказ

Савіцкі заўсёды быў дзяржаўным мастаком на ўсе сто працэнтаў. Дзяржава стварала яго, а ён ствараў палотны на дзяржаўную замову і гэтымі творамі ўслаўляў дзяржаву. Выключэннем могуць паслужыць некалькі ранніх партрэтаў сына і жонкі, але яны, як і ўсе выключэнні адно падкрэсляць правіла. У творчасці Савіцкага мне падабаюцца якраз выключэнні — "Дзяўчына з капустай", "Льнаводы" і два палотны з аднолькавай назвай "Рыта і Андрэй".

Імя

Савіцкі не любіў, калі нехта называў яго Міхасём. Ён настойваў на тым, што яго імя менавіта Міхаіл, а не Міхась ці Міхал. За публічнае згадванне Савіцкага як Міхала ці Міхася ён крыўдаваў. Добра, што ніхто ніколі не назваў яго Мішэль, бо такую вульгарнасць Міхаіл Андрэевіч не дараваў бы ніколі.

Мужчынскія забаўкі

Набралі мы таннага віна. Селі пад вербамі, каля самай рэчкі. Выпіваем і гаворым пра мужчынскія забаўкі... "Не так шмат у нас забавак!" — кажа мне выкладчык жывапісу Кім. "Ня так і шмат!" — пагаджаюся з выкладчыкам. "Якія ў нас забаўкі? Памаляваць ды выпіць? Ты яшчэ да якой дзеўкі сходзіш. Вы яшчэ пакурыце пад кустом бэзу... Усё". — "Ёсць яшчэ рыбакі. Ім ні чарка, ні цыгарэта не трэба. Іх нават дзеўка не натхняе. Бяруць вуду і стаяць гадзінамі каля вады". — "Савіцкі такі. Усё студэнты — гуляць-выпіваць, а ён з вудаю каля рэчкі ходзіць. Усю дыпломную практыку, дзень у дзень, і раніцай, і ўвечары прасядзеў каля рэчкі". — "Дысцыплінаваны". — "Не кажы! А ў майго таварыша, у Васіля, самая смешная забаўка! Ён і не п'е і не курыць, і рыбу не ловіць, і ў грыбы не ходзіць... Ён сварыцца з жонкаю. Сварыцца так, што яны ажно разыходзяцца, потым сыходзяцца, потым зноў разбягаюцца ды збягаюцца. І слёзы, і лямант, і крыкі з праклёнамі... Не разумею людзей з такімі дурнымі забаўкамі. Лепей сядзець пад вярбою і віно піць. Праўда?" — "Лепей". — пагаджаюся з выкладчыкам і разліваю вермут па шклянках.

Постмадэрнізм

Вінцэнт Ван Гог сваім жыццём і ўсёй творчасцю давёў, што дзяржаўны заказ не з'яўляецца першасным для мастака. Пасля Ван Гога ўсе карціны, напісаныя для дзяржавы і на замову, выглядаюць халтурай. Нават замовы з царквы глядзяцца працай дзеля заробкаў, а не творчасцю дзеля спасціжэння законаў светабудовы. Таму палотны мастака Савіцкага варта разглядаць у кантэксце гісторыі савецкай імперыі. Перакананы, што адбудзецца перагляд адзнак, якія выстаўлялі яму ў свой час арткрытыкі і мастацтвазнаўцы. Савіцкі будзе залічаны ў шэрагі постмадэрністаў, якія старана пераймалі ўзоры вялікіх папярэднікаў. Міхаіл Савіцкі пісаў імправізацыі на тэмы, знойдзеныя Казімірам Малевічам "Сцелюць лён" і "Льнаводы", Кузьмой Пятровым-Водкіным — "Дзяўчына з капустай", Дыега Рыверам — "Клятва" і "Партызанская мадонна", Хасэ Ароска — "У полі", Сальвадорам Далі — "Мадонна Біркенаў", Кэт Кольвіц — "Беларусы" і "Партызаны", як і павінен быў пісаць мастак у ягоным часе.

Аскетызм

Міхаіл Савіцкі трапіў у палон і не адзін год правёў у канцэнтрацыйным лагеры. Жыццё ваеннапалоннага наклала на Савіцкага незнішчальны адбітак. Ён усе астатнія гады быў у сваіх паводзінах асцярожным і рацыянальным лагерным аскетам. Нават у ежы заставаўся асцярожным. Я бачыў, як пасля працоўнага дня Савіцкі павольна еў алюмініевай лыжкай суп з алюмініевай талеркі. Такія талеркі былі ў школьных сталоўках. Ад зайздросных людзей я чуў, што ў Міхаіла Савіцкага горы залатога і сярэбранага посуду. Таго шыкоўнага посуду я не бачыў. Можа, ён дзе і хаваўся, але дома і ў майстэрні ў мастака было ўсё спрошчана, нават свае ўлюбёныя кнігі і часопісы ён трымаў на самаробных паліцах без шкла.

Захопленасць

Не скажу, што я быў пастаянным госцем у майстэрні Міхаіла Савіцкага, але некалькі разоў давялося пасядзець за гасцінным сталом разам з майстрам. Гасціннасць была сціплая — хлеб, гарэлка, піва, салёны агурок і сухаватая хатняя каўбаса. Савіцкі піў піва, а я — гарэлку. Майстар спытаў, чаму я не паступаў на станковы жывапіс, а пайшоў вучыцца на жывапіс манументальны? Мне зусім не падабаліся выкладчыкі на кафедры станкавістаў. Хіба можна было лічыць загадчыка кафедры Крахалёва мастаком? Савіцкі спытаў, ці памятаю я палотны Крахалёва? Я згадаў "Калектывізацыю" — зімовы дзень у вёсцы, пад чырвонымі сцягамі сяляне ў рудых кажухах запісваюцца ў калгас. Савіцкі прадэманстраваў мне свой адметны саркастычны бязгучны смех і сказаў, што карціна "Калектывізацыя" найлепшая ў Крахалёва, бо яе напісаў не Крахалёў, а ён — Савіцкі. "Зайшоў да яго ў майстэрню. Па-сяброўску. Мы ўсе адзін да аднаго заходзілі па-сяброўску. Узяў пэндзлік, пачаў папраўляць твары, рукі, адзежу... Захапіўся. Вы ж ведаеце, як яно бывае, калі захопішся. Цэлы дзень і пісаў "Калектывізацыю", і напісаў". У апавяданні Савіцкага самым пераканаўчым была згадка пра стан захопленасці. Мастак без такога захаплення — не мастак, творца не творца. У гэтым была праўда Савіцкага, неабвержная.

Святы

Андрэй Савіцкі казаў пра свайго бацьку-мастака, што той працуе, як селянін — без святаў і выхадных. Селянін і сапраўды так працуе, бо ў прыроды няма святаў, у жывёл і раслін няма выхадных. Мастак, калі ён праўдзівы мастак, мусіць працаваць несупынна, а не так, як пралетарыят — са шматлікімі выхаднымі ды шматдзённымі гулянкамі. Зрэшты, дыктатура пралетарыяў і зруйнавалася з-за іх любові да хмельных святаў і доўгатэрміновых гуляў.

Трупы

Усё жыццё мастак Савіцкі маляваў трупы. Трупы мужчын пад чырвонымі сцягамі, трупы дзяцей у шэрых пялюшках, трупы салдатаў у залатым жыце, трупы дзяўчат і жанчын, складзеныя для спальвання, трупы... Нават намаляваны Савіцкім Ленін выглядаў трупам, што вярнуўся з пекла. На большасці палотнаў Савіцкага не жывапіс, а трупапіс. Ён і ўражвае.

Жарэбчык

Сустракаю на праспекце Незалежнасці пейзажыста-натурыста Шкарубу: "Ты чаго без капелюша?" Пытаюся, бо некалькі разоў запар сустракаў Валеру ў чорным шыракаполым капелюшы. "Цёпла... Учора Савіцкага хавалі, і таксама цёпла было. Пра яго можна вялікую кнігу напісаць". — "Пра што пісаць? Мы ж з табою ведаем, што Савіцкі усё даўжэзнае жыццё правыконваў дзяржаўныя замовы. Адны замовы. Замовы і ніякіх іншых думак". — "Так і трэба напісаць пра мастака, які ахвяраваў жыццё дзяржаве. Дарэчы! Савіцкі распавядаў пра жарэбчыка... Не мне, але я дакладна перакажу сутнасць ягоных слоў... Здарылася тое ў вёсцы, калі Савіцкі быў яшчэ маленькім хлопчыкам. Той хлопчык бегаў па лузе разам з маленечкім жарэбчыкам. Жарэбчык быў зусім-зусім маладзенькі. Хлопчык і жарэбчык набегаліся да стомы. Жарэбчык лёг адпачыць пад стог, на залацістую салому. Хлопчык лёг побач з ім. Яны ляжалі спіна да спіны. Яны так ляжалі і глядзелі на неба. Вечарэла. Бралася на холад, але хлопчыку было цёпла побач з жарэбчыкам; і каню было цёпла побач з хлопчыкам... Больш нічога цёплага ў жыцці і не было. Савіцкі так і сказаў, што акрамя таго дня, нічога добрага ў жыцці не бачыў. Калі яго спыталі, чаму не напісаў светлую залатую карціну пра хлопчыка і жарэбчыка? Савіцкі на пытанне адказаў пытаннем. Каму яно трэба — маё, асабістае?" Я развітаўся з Валерам і задумаўся над гісторыяй хлопчыка з жарэбчыкам. На першы погляд, яна вельмі кранальная. Па малюнку гэта выдатны мультыплікацыйны і коміксавы сюжэт. Нешта ў ім ёсць антычнае, нешта кентаўрастваральнае, нават манументальнасць ёсць, і разам з гэтым гісторыя не натуральная, не жывая, запазычаная. Хто і як яе сканструяваў — невядома, але да мяне яна прыйшла ўспамінам пра мастака Савіцкага.

Тапчанчык

У майстэрні Савіцкага стаяў вузенькі тапчан, засланы вясковай дзяружкай. Часам на тым тапчанчыку мастак і начаваў. Калі ён захапляўся працаю над новай карцінай, дык мог і не пайсці дамоў, а колькі гадзін паспаць на мулкім тапчане, нечым падобным да лагерных нараў.

Вучні

У Савіцкага было шмат вучняў, больш за чвэрць стагоддзя працавала ягоная акадэмічная майстэрня. Любімымі вучнямі Савіцкага сталі мастакі з першага набору: Валодзя Кожух, Віця Альшэўскі, Саша Ксяндзоў... Усе, хто займаўся ў Савіцкага, так і засталіся ягонымі вучнямі. Нават калі яны дэкларатыўна заяўляюць пра адыход ад эстэтычных каштоўнасцяў настаўніка, як гэта робяць Фелікс Янушкевіч, Рома Заслонаў і Хведар Кашкурэвіч, няўзброеным вокам відаць, наколькі палотны вучняў падобныя да палотнаў настаўніка.

Блізкія людзі

Кола блізкіх людзей вакол Савіцкага было досыць спецыфічнае. Адно магу сказаць дакладна, вакол Савіцкага я бачыў шмат вельмі разумных людзей, менавіта разумных, што мяне моцна дзівіла, бо сам я ніколі не падзяляў светагляд гэтага мастака.

Савіцкі і мой лёс

Некалькі разоў Міхаіл Савіцкі мне дапамагаў у лёсавызначальныя моманты жыцця. Некалькі разоў пагаршаў маё і без таго кепскае становішча. Цяпер я стаўлюся да яго постаці нейтральна і захоўваю ўдзячнасць за дабро, зробленае Савіцкім уласна мне.

Адам ГЛОБУС

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Студэнцкі попыт на кошт арэнды жылля амаль не паўплываў

Студэнцкі попыт на кошт арэнды жылля амаль не паўплываў

Спецыялісты адзначаюць: добра яшчэ, што рынак выжыў.

Грамадства

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

У падтрымцы звычайна маюць патрэбу ўсе жывыя людзі ў складаныя перыяды жыцця.

Культура

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Як хлапчук з беларускай глыбiнкi здолеў паступiць у Маскоўскае мастацкае вучылiшча iмя Калiнiна?