Вы тут

Запаведны свет палескай амазоніі


Спакойны і велічны, як і ўся прырода беларускага Палесся, амаль на 190 тысячах гектараў размясціўся Прыпяцкі дзяржаўны ландшафтна-гідралагічны запаведнік. Заснаваны ён быў у 1969 годзе з мэтай захавання ў першапачатковым выглядзе ўнікальнага і непаўторнага ландшафту, характэрнага для поўдня Беларусі. У 1996 годзе пераўтвораны ў нацыянальны парк.

Запаведнік размешчаны ў паўднёва-заходняй частцы Гомельскай вобласці па правым беразе Прыпяці. Ён выцягнуўся ўздоўж ракі на дзясяткі кіламетраў. З двух бакоў яго тэрыторыю акружваюць рэчкі Убарць і Сцвіга са шматлікімі азёрамі, вадаёмамі і каналамі...

Наведванне "Прыпяцкага" запамінаецца надоўга. Яго ніколі не зблытаеш ні з якім іншым запаведным кутком. Па своеасаблівасці ён не мае сабе роўных. Тут усё: рэльеф, глебы, гідраграфічная сетка, раслінныя і жывёльныя супольнасці — мае своеасаблівы палескі характар.

1373987933962_1

Крыху больш як сто гадоў таму тэрыторыя запаведніка ўяўляла сабой забалочаны раён. У канцы ХІХ стагоддзя на ёй была праведзена меліярацыя. Тут былі створаны каналы агульнай працягласцю каля 300 кіламетраў, у выніку чаго значныя плошчы асушаных балот пакрыліся лясамі. Да гэтага часу каналы ў многім страцілі карыснае дзеянне, і меліяраваная ў мінулым тэрыторыя зноў забалочваецца. Цяпер лясныя балоты па плошчы займаюць трэцюю частку запаведніка і, як сцвярджаюць беларускія навукоўцы, па ўсіх паказчыках з'яўляюцца эталонам балот палескага краю. Ім забяспечана абсалютная запаведнасць, бо іх роля ў прыродзе важная і разнастайная.

Многімі даследаваннямі абсалютна дакладна вызначана, што балоты — прыродныя акумулятары і рэгулятары вільгаці. Яны нараджаюць крыніцы, сілкуюць рэкі, падтрымліваюць раўнавагу ў шматлікіх прыродных працэсах. Захаванне балот у запаведніку мае велізарную навуковую і практычную каштоўнасць. Шырокая пастаноўка даследаванняў, звязаных з вядзеннем гідрамеліярацыйных работ у Палессі, дапаможа лепш і больш правільна выкарыстоўваць багацці гэтага краю, выявіць патэнцыйныя магчымасці яго прыроды.

Цёплае і працяглае лета, мяккая зіма, багатыя на пажыўныя рэчывы глебы, вялікая колькасць ападкаў і вільгаці спрыяюць добраму росту ў запаведніку дрэў, кустовых і травяністых раслін. Тут знайшлі сховішча рэдкія і ахоўныя віды раслін: вадзяны арэх, купальнік чорны, плаваючая сальвінія, рададэндран жоўты, наяда марская, лілея кучаравая (царскія кучары) і іншыя.

Сапраўднае багацце запаведніка — лясы. Імі пакрыта звыш 80 працэнтаў тэрыторыі. На верхавых балотах, выспах і градах пануе сасна, якая займае 52 працэнты пакрытай лесам плошчы. На глебах пераходных і нізінных балот дамінуюць бярэзнікі.

1373987934463_2

Але жамчужынай лясоў запаведніка з'яўляюцца сухадольныя і пойменныя дубровы. Яны займаюць больш як сем з паловай тысяч гектараў і з'яўляюцца ўнікальнымі ў Беларусі. Асабліва здзіўляюць сваёй веліччу грабавыя дубровы — чыстыя шыракалістыя лясы з магутных дубоў, ліп, клёнаў, ясеняў і грабаў. У нізінных мясцінах тут добра захаваліся своеасаблівыя дубова-грабава-сасновыя і альхова-дубовыя лясы.

Летам і восенню ўражвае вялікая колькасць ягад і грыбоў. Асабліва шмат тут чарніц, буякоў, журавін, брусніц, малін і чорных парэчак.

Адна з важных адметнасцяў запаведніка  — разнастайнасць лекавых раслін. Імі, як паказалі даследаванні спецыялістаў, найбольш багатыя бярозавыя, дубовыя і хваёвыя лясы.

Запаведнік насяляюць амаль усе найбольш тыповыя прадстаўнікі фаўны Палесся. Пазбягаючы старонняга вока, асцярожна перамяшчаюцца лясныя веліканы — ласі, жывуць дзікі, стройныя танканогія казулі, рысі, ваўкі, лісіцы, янотападобныя сабакі і зайцы. На звілістых рэчках і старых меліярацыйных каналах, лясных і пойменных азёрах шмат селішчаў бабра, выдры і андатры. У пойменных дубровах акліматызаваўся янот-паласкун, радзімай якога з'яўляюцца лясы Паўночнай Амерыкі. Прыжылася ў запаведніку і амерыканская норка. Сустракаюцца барсукі. Улетку яны любяць паласавацца ягадамі і грыбамі. Звычайныя тут дробныя драпежнікі: гарнастай, чорны тхор, ласка. Зрэдку можна сустрэць куніцу, якая мае вельмі прыгожы і каштоўны мех.

Разнастайны ў "Прыпяцкім" свет птушак. Умовы для іх тут ідэальныя, асабліва для вадаплаўных.

Распаўсюджаны ў лясах і іншыя птушкі, сярод якіх шмат пеўчых. У глыбіні асабліва запаведных участкаў лесу, сярод верхавых балот, захаваліся глушцовыя і цецеруковыя такавішчы. З драпежных птушак сустракаюцца чорны каршун, ястраб-цецяроўнік, канюк, пустальга.

Шматлікія рэчкі, азёры і вадаёмы насяляюць 38 відаў рыб. Часта сустракаюцца шчупак, акунь, плотка, лінь, судак, лешч, сом.

1373987934845_3

Станоўчыя вынікі надзейнай аховы мясцовых ландшафтаў з кожным годам становяцца ўсё больш адчувальнымі. Супрацоўнікі запаведніка робяць усё для таго, каб гэты куток Палесся заўсёды быў такім, якім стварыла яго прырода — некранутым.

Зрэшты, у "Прыпяцкім" хутка ўсвядомілі, што ахова экалогіі без эканомікі — нішто. Таму сёння на тэрыторыі парку дзейнічае шэраг профільных прадпрыемстваў, якія дапамагаюць вырашыць задачы эканамічнага дабрабыту запаведніка, што, у сваю чаргу, дазволіла адшукаць сродкі на стварэнне эфектыўнага рэжыму аховы нацыянальнага парку. Акрамя аграпрамысловага і гандлёва-вытворчага, на тэрыторыі "Прыпяцкага" існуе яшчэ шэраг незвычайных, уласцівых толькі гэтай прыродаахоўнай установе прадпрыемстваў. Напрыклад, эксперыментальная лесапаляўнічая гаспадарка "Ляскавічы". Унікальнасць яе ў тым, што гэтая гаспадарка адначасова выкарыстоўвае ўсе прыродныя багацці лесу, забяспечваючы пры гэтым іх надзейную ахову і не дапускаючы перарасходу лясных рэсурсаў. Так, з прымяненнем імпартнага абсталявання тут пабудаваны сучасны дрэваперапрацоўчы комплекс, які дазваляе вырабляць піламатэрыялы еўрапейскага стандарта, што ідуць, у асноўным, на экспарт. У той жа час тут развіты такі працаёмкі для нашых паляўнічых гаспадарак кірунак работы, як вядзенне палявання ва ўмовах інтэнсіўнага лесакарыстання. Гэта дае магчымасць арганізоўваць на камерцыйнай аснове паляўнічыя туры для іншаземцаў. А ўжо за захаванасцю лясных угоддзяў і жывёльнага свету сочыць штатная егерская служба нацыянальнага парку, якая лічыцца адной з лепшых у рэспубліцы.

Рэгулярныя рэйды, якія ажыццяўляюць егеры парку сумесна з міліцыяй, дазваляюць захаваць прыродную разнастайнасць у недатыкальнасці, а самому "Прыпяцкаму" стварыць устойлівую рэпутацыю тэрыторыі, дзе браканьерам у прамым сэнсе няма чаго лавіць, акрамя вялікіх штрафаў, а то і крымінальнай адказнасці.

Добрапрыстойным жа грамадзянам можна спакойна прыехаць сюды ўсёй сям'ёй, узяць напракат надзіманыя лодкі, вуды, палаткі і ад душы парыбачыць на маляўнічым прыпяцкім беразе. А яшчэ ёсць магчымасць перажыць сапраўдную водную прыгоду — рачное фотасафары, роўных якому пакуль няма ні ў адным з беларускіх нацыянальных паркаў або іншых месцах адпачынку.

Пераабсталяванае са звычайнага буксіра-штурхача ў турыстычны цеплаход рачное судна з кают-кампаніяй, зручнымі спальнымі месцамі на сем чалавек, прасторным мастком і сытным камбузам ліха перасякае водныя прасторы Прыпяці. Цеплаход стаў плывучай гасцініцай, дзе экіпаж з капітана, матроса і кока готаў выконваць пажаданні вандроўнікаў. Прыстаць на днёўку ў гэтай цудоўнай затоцы? Калі ласка. Парыбачыць у раёне вунь тых выспачак? Няма праблем. Падаць абед на палубу? Не пытанне...

Вось гэта і ёсць сапраўдны адпачынак на лепшай рацэ Палесся: калі цеплаход павольна ідзе паміж берагамі, не знявечанымі чалавечай дзейнасцю, а ты на мастку п'еш гарбатку з тураўскімі сметанковымі пампушкамі, час ад часу падносячы да вачэй бінокль або фотаапарат... Паглядзець ёсць на што: судна ідзе міма вядомых са старажытных часоў селішчаў, прасторных паплавоў, прырэчных палескіх вёсачак... А то раптам заплыве ў прахалодны цень пойменных дуброў або ясеннікаў, участкаў абсалютнай запаведнасці, дзе прыпяцкія лясы захаваліся ў сваёй спрадвечнасці...

Зразумела, магчымасці размяшчэння турыстаў у нацыянальным парку не абмяжоўваюцца толькі цеплаходнымі каютамі. У аграгарадку Ляскавічы парк валодае двухпавярховай камфартабельнай гасцініцай "Над Прыпяццю"

, з уласным рэстаранам, залай для боўлінга і більярда, басейнам з саўнай. Чакаюць сваіх гасцей утульныя турыстычныя комплексы "Хлупінская Буда" і "Дарашэвічы", гасцявы домік рыбака і паляўнічага "Чарацянка", катэдж "Сосны" і гасцінічны домік у старажытным Тураве.

У запаведніку ёсць пешаходныя (веласіпедныя) маршруты з прывабнымі канцавымі пунктамі — у месцы пасялення соў, да цар-дуба, у зубрагадавальнік. У многіх месцах па берагах Прыпяці абсталяваны стаянкі для адпачынку. Словам, нацыянальны парк "Прыпяцкі" сёння гатовы прыняць гасцей і парадаваць іх самымі лепшымі ўражаннямі, якія здольна падарыць легендарнае беларускае Палессе.

Падрыхтаваў Уладзімір АЛЯКСАНДРАЎ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».