Вы тут

Пакарыў Доліну і "штурмуе" Галівуд...


Ён вельмі рэдка дае інтэрв'ю і наўрад ці нехта папросіць у гэтага чалавека аўтограф, бо ён — не публічная персона. Пры гэтым ужо вядомы нават у Галівудзе, піша музыку для кіно, аранжыроўкі. Напісаў аранжыроўку ў тым ліку і для народнай артысткі Расіі Ларысы Долінай, якая сёлета будзе старшынстваваць у журы конкурсу маладых выканаўцаў "базару". Ларыса Доліна выканала аранжыраваную ім песню Фрэдзі Меркуры "Thе Tіmе" падчас цырымоніі закрыцця юбілейнага ХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". На цяперашнім "базары" Вячаслаў Дацкевіч будзе музычным рэдактарам канцэрта закрыцця.

Вячаслаў — гітарыст, кампазітар, аранжыроўшчык, гукарэжысёр. Жыве і працуе ў роднай Беларусі і ў Лондане. Асабіста знаёмы з музыкантамі, якія працавалі разам з Полам Макартні, Стынгам і іншымі "зоркамі" сусветнай велічыні. Пра сваё асабістае жыццё расказвае вельмі неахвотна: "Так, халасты, але сустракаюся з дзяўчынай"...

— А нарадзіўся, вырас, навучыўся граць на класічнай гітары ў цудоўным Віцебску. Гітару ўпершыню ўзяў у рукі гадоў у 10. А зараз мне ўжо 45, — расказвае Вячаслаў. — Першае сур'ёзнае выступленне, памятаю, адбылося на Віцебскім абласным тэлебачанні ў 1983 годзе. І прайшло ў суправаджэнні акустычнай групы.

1373987932176_10-14

Як, бадай, большасць творчых людзей, Вячаслаў не вельмі любіць узгадваць канкрэтныя даты, дакладныя назвы сваіх твораў. Сціпла сказаў, што ён — аўтар некалькіх альбомаў. Першы альбом — "Музыка з французскага кіно і не толькі", другі — "Праз 17 гадоў"...

А чаму менавіта праз 17?

— Сустракаўся калісьці з дзяўчынай, якая зараз жыве ў Парыжы, не бачыліся з ёй 17 гадоў. Гэтая лічба і "натхніла". Але альбом прысвяціў не толькі ёй, а нейкаму "зборнаму вобразу" Музы, — успамінае Вячаслаў. — А яшчэ выйшаў альбом "Вяртанне" — у ЗША. Дарэчы, так здарылася, што мая музыка з гэтага альбома ўвайшла ў мультымедыйны дыск "Марк Шагал і Віцебск". Потым мне прапанавалі напісаць музыку для мастацкага кіно. Фільм пра каханне здымаецца ў Швейцарыі. Здымаюць польскія і швейцарскія кінематаграфісты. Хацелася б для Галівуда сур'ёзна папрацаваць. Ужо зроблена "прыступка" ў яго заваяванні: нядаўна мая кампазіцыя выконвалася там. Знаёмая дзяўчына, якая даўно жыве ў Лондане, выканала ў "імперыі кіно" мой твор...

Вячаслаў расказаў, што перыядычна працуе ў Лондане, дзе ў яго сяброў студыя. А віцебская "Студыя Вячаслава Дацкевіча", можна лічыць, — прадстаўніцтва лонданскай. Ды і чаму на радзіме "базару" не можа быць прафесіянальнай студыі гуказапісу, якая мае шырокія магчымасці? Высокатэхналагічная апаратура, якасная акустыка, увесь спектр студыйнай працы на абсталяванні, якое пастаянна абнаўляецца і адпавядае самым высокім сучасным стандартам — усё гэта ёсць у Віцебску (для тых, каму цікава, назва сайта Вячаслава: httр://dаtskеvісh.соm).

Пра гітару і родны Віцебск музыкант гаворыць з асаблівай цеплынёй.

— Гітара і Віцебск — любімы інструмент і любімы горад. Хацелася б напісаць цэлую кнігу пра іх і пра ўсё, звязанае з гэтым. Калі б перанесціся ў часе гадоў гэтак на 20-25... Той час вельмі моцна паўплываў на гітарную плынь Віцебска сённяшняга, і шмат хто з музыкантаў, не толькі гітарыстаў, успамінаюць яго як пачатак росквіту гітары, прычым у розных яе праявах: класічная музыка, джаз, рок, — кажа мой суразмоўца. — Сучасныя кампазітары, якія пішуць для гітары, ужываюць усю інтэрнацыянальную палітру гукаў, акордаў, якія ўбірала ў сябе гітара на працягу столькіх гадоў. І не дзіўна зараз пачуць у стылі рок элементы класічнай музыкі, у класіцы — джазавыя інтанацыі, у джазе — элементы фламенка, усходніх матываў і г.д.

Вячаслаў прызнаецца, што давялося яму папрацаваць і "на вуліцы".

— Было гэта ў пачатку 2000-х гадоў, — гаворыць Вячаслаў Дацкевіч. — У Варшаве на вуліцах паўтара года іграў. І дзякуючы гэтаму пазнаёміўся з вельмі цікавымі людзьмі. У Варшаве выйшлі мае тры альбомы. Потым гастраляваў з дзяўчынай: яна танцавала, я іграў.

— А якім чынам музыкант з правінцыйнага Віцебска "выйшаў" на тую ж Доліну?

— Наогул на "базары" я пачаў працаваць, дзякуючы Марыне Раманоўскай, намесніку дырэктара Цэнтра культуры "Віцебск". Між іншым, яна сёлета — рэжысёр канцэрта закрыцця "базару". А першы маштабны вопыт плённага супрацоўніцтва ў нас з Марынай адбыўся некалькі гадоў таму, падчас справаздачнага канцэрта прадстаўнікоў культуры Віцебскай вобласці "Кругаварот часу" ў мінскім Палацы рэспублікі... Марына Генадзьеўна як рэжысёр закрыцця "базару" сказала мне, што для фіналу фэсту патрэбна аранжыроўка. Я і зрабіў. Потым мне казалі, што Доліна была вельмі задаволена і перадавала мне прывітанне — завочна, бо я зноў з'ехаў у Англію.

Вячаслаў зараз у пошуках маладой беларускай спявачкі для конкурсу "Ерэван запрашае". Гэты фэст упершыню прайшоў леташняй восенню, і Вячаслаў быў запрошаны ў якасці члена журы.

Напрыканцы размовы музыкант заінтрыгаваў: "У Лондане на лейбле АОА Rесоrds, саўладальнікам якога я з'яўляюся, будзе запісвацца альбом адной маладой беларускі. Хто яна? Гэта — таямніца. Яна — невядомая пакуль шырокай публіцы выканаўца, але мае патэнцыял матэрыял. Упэўнены, што яна з часам здолее заваяваць не толькі Беларусь"...

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?