Вы тут

"Я жыву за кошт дзяржавы, а пенсію збіраю на паездку ў Парыж!.."


У Беларусі, як і ва ўсім свеце, павялічваецца колькасць пажылых людзей і адначасова адбываецца рост працягласці жыцця. Гэта кідае выклік сістэме сацыяльнага абслугоўвання і ставіць перад ёй новыя задачы. Бытавых паслуг сацработніка ўжо недастаткова — патрэбны новыя формы сацыяльнай работы. Пра гэта ішла размова на пасяджэнні "круглага стала" Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па працы і сацыяльных пытаннях "Механізм рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сацыяльным абслугоўванні".

На яго былі запрошаны кіраўнікі камітэтаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дамоў-інтэрнатаў, а таксама Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

Сістэма сацыяльнага абслугоўвання ў нашай краіне пастаянна абнаўляецца і ўдасканальваецца. Сведчаннем гэтага стаў і новы закон аб сацыяльным абслугоўванні, які ўступіў у сілу 1 студзеня 2013 года. Асобная частка гэтага закона прысвечана механізму дзяржаўнага сацыяльнага заказу, сутнасць якога — у прыцягненні розных, у тым ліку недзяржаўных некамерцыйных, арганізацый, а таксама індывідуальных прадпрымальнікаў да аказання сацыяльных паслуг.

Для гэтага мясцовыя ўлады праводзяць конкурсны адбор. "Менавіта на мясцовым узроўні больш эфектыўна вызначаць, якія сацыяльныя паслугі варта рэалізоўваць праз дзяржаўны сацыяльны заказ. Але гэта не альтэрнатыва тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а дадатак да іх", — сказаў у сваім выступленні намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Аляксандр РУМАК.

 

Актыўна пачало ўдзельнічаць у дзяржаўным сацыяльным заказе Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Яно ўжо пачало рэалізацыю пілотных праектаў з выкарыстаннем механізму дзяржсацзаказа ў Віцебскай і Гродзенскай абласцях.

***

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны шукае новыя падыходы да сацыяльнага абслугоўвання і ў стацыянарных установах. Так, з 1 студзеня гэтага года зацверджаны пералік бясплатных і агульнадаступных сацыяльных паслуг з нормамі і нарматывамі забяспечанасці грамадзян гэтымі паслугамі, якія прадстаўляюцца дамамі-інтэрнатамі.

У дамах-інтэрнатах мяркуецца ствараць аддзяленні суправаджальнага пражывання, каб лепш падрыхтаваць інвалідаў да самастойнага жыцця па-за сценамі дома-інтэрната.

Так, у Веснаўскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў Магілёўскай вобласці за кошт Ірландскай дабрачыннай арганізацыілетась быў створаны дом самастойнага пражывання для 12 дзяўчынак.

У Багушэўскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў Віцебскай вобласці пры падтрымцы дабрачыннага грамадскага аб'яднання "Свет без межаў" працягваецца работа па ўладкаванні 10 маладых інвалідаў у асобных жылых дамах у рамках праекта па суправаджальным пражыванні.

Укараняецца такая новая паслуга як сацыяльная перадышка — догляд дзяцей-інвалідаў з мэтай вызвалення іх бацькоў на пэўны перыяд часу для вырашэння сямейна-бытавых пытанняў (такіх, як рамонт, і іншыя), а таксама проста для аднаўлення сіл. Рэалізацыя падобнага двухгадовага праекта для сем'яў, якія маюць дзяцей-інвалідаў, распачата на базе Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната Мінскай вобласці.

***

Мінск стаў пілотным рэгіёнам па ўкараненні новай сістэмы сацабслугоўвання — рэнтавых адносін. Адзінокім пажылым людзям прапануецца заключыць дагавор пажыццёвага ўтрымання з утрыманнем, згодна з якім горад бярэ на сябе абавязацельства клапаціцца аб пажылым чалавеку да апошніх дзён яго жыцця. А ён наўзамен аддае гарвыканкаму сваю кватэру.

— Адным з самых цяжкіх момантаў у гэтым было інфармаванне насельніцтва, — сказала старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жанна РАМАНОВІЧ. — У Мінску цяпер жывуць крыху больш за 2 тысячы пажылых людзей, якія маглі б стаць атрымальнікамі рэнты. Дамовы з Мінгарвыканкамам заключылі 6 чалавек. Адна з такіх пажылых жанчын сказала: "Гэта такое шчасце... Я жыву за кошт дзяржавы, а пенсію збіраю на паездку ў Парыж, аб якой марыла ўсё жыццё!"

Складанасць рэалізацыі гэтага праекта заключаецца ў тым, што сёння адзінокім пажылым людзям дзяржава і так гарантуе права быць змешчаным у дом-інтэрнат на поўнае дзяржаўнае забеспячэнне.

— Таму людзі не спяшаюцца заключаць падобны дагавор і расставацца са сваімі кватэрамі, — лічыць старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. — Але калі казаць пра вынікі вышэйзгаданага эксперыменту, то можна адзначыць два паспяховыя моманты: першы — людзі ўсё-такі ідуць на такі дагавор. Другі і самы важны — мы прымусілі сем'і ўспомніць аб сваіх пажылых сваяках. Як толькі пачынаем збіраць дакументы для заключэння такога дагавора, сваякі забіраюць пажылога чалавека да сябе і даглядаюць яго, вызваляючы ад гэтага абавязку дзяржаву.

***

У адказ аднаму з дэпутатаў, які выказаў занепакоенасць з нагоды росту сацыяльнага ўтрыманства, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак заявіў, што Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ўнесла ва ўрад праект указа, у якім прадугледжаны меры для спынення ўтрыманства.

У прыватнасці, праектам указа прадугледжана, што адрасная сацыяльная дапамога будзе аказвацца пад канкрэтныя абавязацельствы працаўладкавання.

— Гэта значыць, калі чалавек звяртаецца па адрасную сацыяльную дапамогу, яму будзе выдавацца рэкамендацыя, што ён павінен на працягу пэўнага тэрміну працаўладкавацца. Устанаўліваецца і тэрмін аказання гэтай дапамогі, — заявіў Аляксандр Румак. — Калі чалавек паўторна прыйдзе па сацыяльную дапамогу, то рашэнне будзе прымацца з улікам таго, ці распачаў ён крокі, каб самастойна вырашаць свае праблемы. Калі не, то дзяржава яму дапамогу аказваць не будзе.

Святлана БУСЬКО.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».