Вы тут

Што яшчэ ёсць пра беларусаў?


Нацыянальная культура цяпер анлайн

Ёсць ідэя ўсю гуманітарную прастору Беларусі аб'яднаць у інтэрнэце. Павінен з'явіцца рэсурс (ці некалькі), які акумуляваў бы ўсё — пачынаючы ад мастацтва, гісторыі і заканчваючы адукацыяй і грамадскімі сувязямі. Такая перспектыва і зманлівая, і досыць нерэальная адначасова. Ааднак калі за ажыццяўленне яе бярэцца Адам Мальдзіс сумесна з Інстытутам культуры, можна спадзявацца, што вынік будзе.

Спачатку варта расказаць пра праект, які ўжо блізкі да ажыццяўлення і таксама мае дачыненне да ўсебеларускага культурнага яднання. Наш народ досыць сціплы і свае культурныя дасягненні афішаваць не любіць. А калі пэўны дзеяч выязджае за мяжу і там працягвае рабіць штосьці значнае, мы паслухмяна згаджаемся з тым, што яго запісваюць у шэрагі знакамітых прадстаўнікоў чужой краіны. Аднак з такім становішчам спраў зусім не згодны ў Савеце Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі" і грамадскім аб'яднанні "Міжнародная асацыяцыя беларусістаў".

Аўтарскі калектыў, што складаецца з прадстаўнікоў гэтых арганізацый, стварыў энцыклапедычны даведнік "Сузор'е беларускага памежжа: беларусы і народжаныя ў Беларусі ў суседніх краінах".

Аўтары адзначаюць, што для стварэння кнігі шмат гадоў карпатліва працавалі разам з беларусамі памежжа, куды, па іх словах, уваходзяць усе краіны, якія ўтварыліся на тэрыторыі былога СССР, а таксама Польшча. Розныя аўтары пісалі абагульняючыяартыкулы тыпу "Беларусы ў Польшчы", "Беларусы ў Расіі", "Беларусы ва Украіне" — усяго атрымалася каля 150 прац. Таксама каштоўным падаецца раздзел "Асобы", у якім змяшчаюцца матэрыялы пра нашых выдатных суродзічаў, нашу "донарскую кроў", якой сілкаваліся суседнія краіны і культуры на працягу ХVІ — ХХІ стагоддзяў і сілкуюць цяпер — каля 1650 такіх матэрыялаў.

Усе артыкулы зараз знаходзяцца ў Інстытуце культуры Беларусі, завяршаецца іх уніфікацыя, падрыхтоўка да выдання.

Вяртаючыся да ідэі Адама Мальдзіса, якая была агучана напачатку і з'яўлялася ключавой на сустрэчы па абмеркаванні праекта "Інфарматызацыя беларускай гуманітарнай прасторы", варта разгарнуць справу збірання звестак пра Беларусь культурную. Праўда, у якой форме гэта будзе рабіцца, пакуль да канца не вызначана. Нехта, верагодна, будзе акумуляваць звесткі па краязнаўстве, а таксама па літаратурных мясцінах. Адам Мальдзіс выказаў асабістае жаданне займацца зборам звестак па беларускіх дыяспарах. Крытык Ірына Шаўлякова-Барзенка, якая прадстаўляла Нацыянальны інстытут адукацыі, гатова дапамагаць прасоўваць сваю "адукацыйна-крытычную" сферу — напрыклад, разам з іншымі маладымі крытыкамі прадастаўляць рэцэнзіі на кнігі пра знакамітых беларускіх асоб ці падзеі.

Начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч была заклапочана, натуральна, пытаннямі спадчыны. Яна распавяла, што ствараецца электронная база даных па нематэрыяльнай спадчыне беларусаў — гэта "Жывая спадчына Беларусі" (сайт www.lіvіnghеrіtаgе.bу). Зараз актыўна распрацоўваецца англамоўны варыянт сайта. Там адлюстроўваецца і тое, што ўжо ўнесена ў дзяржаўны спіс нематэрыяльнай спадчыны, і што яшчэ рыхтуецца да ўнясення. Плануецца стварыць і асобную базу даных па беларускіх каштоўнасцях, якія знаходзяцца за мяжой.

Як бачым, наша культура асцярожна, але досыць упэўнена становіцца на электронныя, інфармацыйныя рэйкі. Час наспеў! Бо глабальнае павуцінне аблытвае ўсіх і ўся. Па агульнасусветнай тэндэнцыі, у сродках масавай інфармацыі і інтэрнэце зараз шмат смецця і рознай лухты. Таму вялікія надзеі ўскладаюцца менавіта на культурніцкія СМІ — гэта літаральна адзіны спосаб запоўніць галовы людзей чымсьці карысным.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».