Вы тут

Мінск — разумны горад


Замежныя спецыялісты ацанілі праекты брэнда сталіцы

У межах міжнароднага фестывалю тэрытарыяльнага маркетынгу і брэндынгу ОРЕN, што прайшоў у Мінску 20 і 21 чэрвеня, адбылося пасяджэнне "круглага стала" на тэму "Ад брэнда Мінска да брэнда Беларусі". Удзельнікі абмеркавалі існуючыя праекты сталічнай сімволікі і атрымалі парады ад замежных экспертаў.

На мерапрыемстве, што адбылося ў будынку Нацыянальнага гістарычнага музея, сабраліся вядучыя спецыялісты па меркетынгу з самых розных краін: Беларусі, Вялікабрытаніі, Расіі, ЗША, Іспаніі, Партугаліі, Нідэрландаў і многіх іншых. Спачатку свой праект брэнда Мінска

прэзентавала брытанская кампанія ІNSTІD, якая летась у ліпені выйграла тэндар і займаецца распрацоўкай сталічнага брэнда. Менавіта па выніках яе працы і будзе створаны канчатковы варыянт стылістычнага афармлення Мінска.

Брытанскі праект заснаваны на прынцыпе "разумнага горада". Менавіта такой яны прапануюць пазіцыяніраваць беларускую сталіцу. "Мы задаліся пытаннем: які ж сённяшні Мінск? Чым ён адрозніваецца ад іншых? — патлумачыла дырэктар кампаніі ІNSTІD па даследаваннях Наталля Гранд. — І прыйшлі да высновы, што Мінск — гэта горад розуму і інтэлекту. Гэта горад, які адрозніваецца ад іншых сваёй цягай да развіцця".

Вынікам працы кампаніі стане брэндбук — поўнае апісанне брэнда і яго прымянення на самых розных носьбітах. Першыя яго прыклады з'явіліся ў сеціве ўжо даволі даўно. Галоўныя колеры, якія ўжываюцца ў візуальным афармленні аб'ектаў, — белы і блакітны. Яны спалучаюцца і ў распрацаваным кампаніяй ІNSTІD мінскім арнаменце. Усе візуальныя элементы могуць выкарыстоўвацца пры афармленні афіш, грамадскага транспарту, візітовак, дакументаў, пісьмовых прылад, кубкаў і многіх іншых прадметаў. Акрамя выключна візуальнага афармлення, брытанская кампанія займаецца праектам па стварэнні фірменных страў, мелодый і нават... паху Мінска. Гатовы брэндбук будзе прадстаўлены сталічнай аўдыторыі ў ліпені.

Пасля ІNSTІD слова ўзяла грамадская ініцыятыва "Зборная Мінска па брэндзінгу", якая паралельна з брытанцамі распрацавала свае, альтэрнатыўныя праекты брэнда сталіцы. Стварэннем альтэрнатыўных варыянтаў займалася некалькі груп, многія ўдзельнікі якіх не з'яўляюцца прафесіяналамі ў брэндзінгу. Вынікам сталі тры праекты: "Мінск: калі ласка!" ад партала TUT.BY, "Nісе tо Mіnsk уоu!" ад брэндзінгавай кампаніі "Fаbulа" і "Неверагодны Мінск" ад студыі Іdfіх.bу.

Варыянт брэнда ад кампаніі ІNSTІD, што і будзе нарэшце прыменены ў сталіцы, у свой час выклікаў неадназначную рэакцыю мінчан у сеціве. Многія крытыкавалі канцэпцыю "разумнага горада". Пасяджэнне "круглага стала" было праведзена дзеля таго, каб мінчане і брытанцы нарэшце прыйшлі да паразумення. Аднак падчас абмеркавання праектаў удзельнікі часам ледзь не даходзілі да сапраўднай сваркі. Нарэшце, сваё слова сказала журы, складзенае з замежных спецыялістаў па брэндзінгу. Яны высока ацанілі ўсе варыянты, аднак адзначылі, што памылкай кампаніі ІNSTІD быў нізкі ўзровень прыцягнення мінчан да стварэння ўласнага брэнда. Малаверагодна, што брытанцы будуць уносіць змены ў свой праект, бо да здачы брэндбука засталося зусім мала часу.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.