Вы тут

Аўтамабіль як прылада для злачынства


У Пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве паступіў законапраект, які прадугледжвае канфіскацыю транспартнага сродку за паўторнае на працягу года кіраванне ў стане ап'янення, незалежна ад таго, каму гэты транспартны сродак належыць.

Трохі статыстыкі

Па даных МУС, у 2011 годзе па віне кіроўцаў, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення, было здзейснена 15% усіх дарожна-транспартных здарэнняў, 18% загінулых да дарогах Беларусі — на сумленні п'яных кіроўцаў. Штогод фіксуецца каля 50 тысяч фактаў кіравання транспартнымі сродкамі ў стане ап'янення, а колькасць вадзіцеляў, якія пасля пазбаўлення правоў на кіраванне аўтамабілем на працягу года ў другі раз п'янымі садзяцца за руль, увесь час расце, нягледзячы на прадугледжаную ў гэтым выпадку крымінальную адказнасць. У 2011 годзе 4681 чалавек быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за паўторнае на працягу года кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане. Пры гэтым яшчэ каля 1000 чалавек зноў паўтарылі падобнае злачынства.

Летась каля 40% усіх кіроўцаў, якія былі асуджаны за прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў або гібель людзей, на момант дарожна-транспартнага здарэння знаходзіліся ў стане ап'янення. Сёлета са студзеня па май за кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане ап'янення было затрымана каля 16 тысяч кіроўцаў, 13 148 чалавек былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, па факце паўторнага кіравання ў стане ап'янення было зафіксавана 1401 злачынства, па віне п'яных кіроўцаў было здзейснена 111 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх загінулі 24 чалавекі і 150 атрымалі раненні.

"Гэтыя лічбы кажуць самі за сябе, — пракаментавала журналістам на прэс-канферэнцыі, прысвечанай законапраекту, Людміла Міхалькова, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве. — Існуючая сістэма пакаранняў не аказвае прафілактычнага ўздзеяння на правапарушальнікаў".

Павялічаць штрафы і тэрміны

З мэтай узмацнення мер адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення законапраектам прапануецца павелічэнне памераў штрафу і ўзмацненне мер крымінальнай адказнасці. Таксама прапануецца ўвесці спецыяльны артыкул аб канфіскацыі транспартнага сродку за паўторнае на працягу года кіраванне аўтамабілем, незалежна ад таго, каму гэты аўтамабіль належыць.

Папраўкі прадугледжваюць штрафы у межах ад 50 да 100 базавых велічынь (1 базавая велічыня роўная Br100 тысячам). Згодна з дзейным заканадаўствам, за кіраванне транспартным сродкам у стане ап'янення накладаецца штраф ад 15 да 35 базавых велічынь. Крымінальная адказнасць наступае за паўторнае на працягу года правапарушэнне.

Законапраект прапануе дыферэнцыраваць крымінальную адказнасць у залежнасці ад наступстваў дарожна-транспартнага здарэння, якое здзейсніў кіроўца. У артыкул 317 Крымінальнага кодэкса прапануецца дадаць два новыя пункты спецыяльна для выпадкаў нецвярозага кіравання. Пры гэтым санкцыі маюцца на ўвазе безальтэрнатыўныя — пакаранне не менш, чым пазбаўленне волі. Так, п'яны кіроўца, які вінаваты ў прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання альбо гібелі чалавека, можа атрымаць ад 6 месяцаў да 7 гадоў пазбаўлення волі. За гібель двух і больш чалавек — ад 4 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Канфіскацыя — толькі пры паўторным парушэнні

Спецыяльная канфіскацыя транспартнага сродку, у тым ліку таго, які не належыць самому п'янаму кіроўцу, прадугледжана ў выпадках, калі заведзена крымінальная справа па артыкуле 317-1 "Кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане ап'янення, перадача кіравання транспартным сродкам такой асобе або адмова ад праходжання праверкі (сведчання)" Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Канфіскацыя не будзе датычыцца толькі ўкрадзеных аўтамабіляў або ўзятых без згоды гаспадара. Праўда, апошняе трэба будзе яшчэ даказаць у судзе.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Уладзімір Чаравач заўважыў, што на практыцы канфіскацыя аўтамабіляў існуе і зараз. "Гэта прымяняецца падчас следства для забеспячэння далейшай выплаты штрафу, — сказаў ён. — Калі штраф не выплачаны на працягу месяца пасля прыгавору суда, то судовыя выканаўцы рэалізуюць аўтамабіль, прычым атрыманыя сродкі ідуць на выплату штрафу".

Прыярытэт — права на жыццё

— Законапраект цалкам адпавядае Канстытуцыі, — запэўніла Людміла Міхалькова. — У першую чаргу змены накіраваны на прафілактыку правапарушэнняў і на захаванне жыцця людзей. Права на жыццё важней за права ўласнасці.

Аўтамабіль у гэтым выпадку разглядаецца як сродак (прылада) злачынства, падкрэсліла дэпутат. Што тычыцца быццам бы невінаватасці ўладальніка аўтамабіля ў выпадку, калі за рулём знаходзіўся іншы чалавек, то дэпутат параіла заўсёды правяраць наяўнасць правоў на кіраванне ў таго, каму ўладальнік давярае аўтамабіль. Канфіскацыя будзе прадугледжана толькі пры паўторным парушэнні, гэта значыць, калі чалавек сеў за руль, не маючы на гэта права, ды яшчэ і п'яны.

Законапраект знаходзіцца ў ніжняй палаце парламента каля месяца, і пакуль невядома, будзе ён разгледжаны на вясновай сесіі альбо на восеньскай. У выпадку прыняцця парламентам закон уступіць у сілу праз тры месяцы пасля яго падпісання.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Выбар рэдакцыі

Культура

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Пышныя альбомы, выдадзеныя Дзянісам Раманюком, з задавальненнем трымаюць у хатніх бібліятэках як беларусы, бо адчуваюць гонар за краіну, так і замежнікі, бо невядомую культуру даследуюць праз высакакласны кніжны твор.

Спорт

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барысаўчанін са шматдзетнай сям'і стаў чэмпіёнам кантынента.

Грамадства

«Прэферэнцыі, якія атрымалі вайскоўцы, абумоўлены выказанымі імі думкамі»

«Прэферэнцыі, якія атрымалі вайскоўцы, абумоўлены выказанымі імі думкамі»

«Армія — школа мужнасці, грамадзянскасці і патрыятызму». Паводле сацыялагічнага апытання, з гэтым сцвярджэннем згодны 86 п

Культура

Хто спявае па-беларуску?

Хто спявае па-беларуску?

Адмысловы плэйліст “Звязды” да Дня роднай мовы.