Вы тут

Пасол Венесуэлы ў Беларусі: "Не будзе ніякіх крокаў назад"


За прэзідэнцкімі выбарамі ў Венесуэле беларусы сачылі даволі ўважліва. Ды і не толькі беларусы. Расіяне таксама не ўтойвалі, што ім больш выгадна перамога Нікаласа Мадуры, які ў перадвыбарнай праграме абяцаў працягваць палітычны кірунак Уга Чавеса. Тое ж самае і з іншымі стратэгічнымі партнёрамі гэтай лацінаамерыканскай краіны. І вось, няхай з мінімальнай перавагай, але "незваротна", як каментуе Нацыянальны выбарчы савет Венесуэлы, стаўленік папярэдняга прэзідэнта перамог. Ён будзе кіраваць краінай у бліжэйшыя 6 гадоў.

За Мадуру прагаласавалі каля 51% выбаршчыкаў. За яго галоўнага саперніка Энрыке Капрылеса — амаль 49%. Права голасу ў Венесуэле маюць каля 18,9 млн чалавек. Нікаласу Мадуру 50 гадоў. Ён пачаў свой працоўны шлях кіроўцам аўтобуса. Актыўна займаўся прафсаюзнай дзейнасцю. У жніўні 2006-га стаў міністрам замежных спраў. У кастрычніку 2012-га прызначаны віцэ-прэзідэнтам. З сакавіка выконвае абавязкі прэзідэнта.

— Першыя папярэднія вынікі васямнаццатай выбарчай кампаніі ў Венесуэле (адлік вядзецца з 1999 года) сведчаць аб тэндэнцыі, якая склалася: колькасць галасоў можа змяніцца, але тэндэнцыя ўжо незваротная, — паведаміў беларускім журналістам у аўторак спадар Амерыка Дыяс Нуньес, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Беларусі

.

Сам спадар пасол ведае Нікаласа Мадуру з 1999 года, калі яны абодва былі членамі Нацыянальнай заснавальнай асамблеі(парламента). Акрамя таго, пераможца апошніх прэзідэнцкіх выбараў вучыўся са старэйшым сынам Амерыкі Дыяса Нуньеса на Кубе. Нікалас Мадура у якасці міністра замежных спраў Венесуэлы некалькі разоў прыязджаў у Беларусь разам з прэзідэнтам Уга Чавесам, наведваў і пасольства ў Мінску.

— Нікалас Мадура заявіў, што палітыка прэзідэнта Уга Чавеса будзе працягвацца, — адказаў пасол на пытанне журналістаў пра перспектыву беларуска-венесуэльскіх адносін. — Гэта значыць, што стратэгічнае партнёрства з краінамі, у лік якіх уваходзіць і Беларусь, будзе развівацца. Мы цалкам упэўнены, што не будзе ніякіх крокаў назад, супрацоўніцтва будзе толькі пашырацца, і мы спадзяемся, што яно будзе інтэнсіфікавана.

У Венесуэльскім пасольстве ў Мінску ў спісы выбаршчыкаў былі ўнесены імёны 63 чалавек, з якіх 56 прагаласавалі. За Нікаласа Мадуру ў пасольстве Венесуэлы аддалі свае галасы 53 чалавекі, за Энрыке Капрылеса — адзін.

Пасол падкрэсліў, што Нацыянальны выбарчы савет Венесуэлы — адна з асобных, незалежных галін улады. На прэзідэнцкіх выбарах у Венесуэле прысутнічала каля 200 міжнародных назіральнікаў: прадстаўнікі краін Лацінскай Амерыкі, Карыбскага басейна, Іспаніі, Бразіліі і Еўрапейскага саюза.

Што тычыцца інфармацыі, якая з'явілася ў СМІ пра наяўнасць "нафтавай" запазычанасці Беларусі перад Венесуэлай (дзе-нідзе называлася нават лічба $2,8 млрд), то пасол адзначыў, што афіцыйна гэта інфармацыя не была пацверджана і ніякіх прэтэнзій Венесуэла Беларусі не прад'яўляе. Разам з тым, Венесуэла мае запазычанасць перад Беларуссю за рэалізаваныя праекты ў сферы жыллёвага і прамысловага будаўніцтва, аднак усе гэтыя пытанні маюць працоўны характар, лічыць дыпламат. У бліжэйшы час павінна адбыцца пасяджэнне двухбаковай камісіі высокага ўзроўню, на якой будуць абмеркаваны ўсе эканамічныя пытанні паміж Беларуссю і Венесуэлай. Таксама хутка павінна адбыцца здача ў эксплуатацыю трэцяй беларускай зборачнай вытворчасці ў Венесуэле — завода дарожнай тэхнікі.

Спадар Нуньес заўважыў, што з 2002 года красавік стаў значным месяцам у гісторыі краіны. 11 красавіка 2002 года ў Венесуэле адбыўся дзяржаўны пераварот, падтрыманы ўрадамі ЗША і Іспаніі, але ўжо 13 красавіка народ Венесуэлы паўстаў супраць узурпацыі ўлады і праз 47 гадзін улада была адноўлена. Прэзідэнта Уга Чавеса, які быў выкрадзены змоўшчыкамі і знаходзіўся на адным з астравоў, вызвалілі яго вайсковыя паплечнікі пры падтрымцы народных мас, якія выйшлі на вуліцы без зброі. "Завадатары перавароту пусціліся наўцёкі — ніколі раней у палітычнай гісторыі Венесуэлы не адбывалася нічога падобнага, — сказаў спадар пасол. — Сёння ў свеце ўзнік інтарэс да палітычнай спадчыны Уга Чавеса. У сувязі з гэтым Пасольства Венесуэлы ў Беларусі арганізавала форум, прысвечаны ідэям нацыянальнай незалежнасці і інтэграцыі краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, які праходзіць 16 красавіка ў Доме Масквы ў Мінску.

Пасольства Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла запрасіла таксама ўсіх ахвотных на канцэрт сучаснай лацінаамерыканскай музыкі ў гонар 203-годдзя пачатку вызваленчай вайны ў Лацінскай Амерыцы. Канцэрт з удзелам лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Рауля Суарэса (скрыпка) і Альфрэда Авальеса (фартэпіяна) адбудзецца 18 красавіка а 19 гадзіне ў Малой зале Белдзяржфілармоніі (Мінск). Уваход свабодны.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Загаловак у газеце: Амерыка Дыяс Нуньес, пасол Венесуэлы ў Беларусі: "Не будзе ніякіх крокаў назад"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?