Вы тут

Іван Кірчук: Я 14 гадоў жыў адзін і больш не планаваў ніякай сям'і


«Вой, Іван Іванавіч, а дзе ваша барада?» Само сабой вырвалася ў мяне гэтае пытанне, калі адчыніла дзверы ў этналабараторыю і ўбачыла лідара гурта «Этна-трыа «Троіца».


— У мяне ж маленькія дзеці. Агнешцы — 1,5 года, Стэфану — 3,5. Гуляючы, павыдзіралі ўсю (смяецца). Таму і вырашыў пакінуць маленькую, зараз мне так зручней. Барада ж не зубы, адрасце.

— Для вас барада мае нейкае сакральнае значэнне?

— Так, гэта сувязь з родам. Чым даўжэйшая барада, тым, лічыцца, глыбей ты дакрануўся да продкаў. Усё перадаецца праз пакаленне. Мой дзед насіў доўгую бараду. А тата не любіў, пастаянна галіўся. Дзяды выраблялі музычныя інструменты — скрыпкі, акардэоны. А тата быў інжынерам. Цяпер я працягваю справу дзядоў, мне гэта на раду было напісана. Мае ж дзеці наўрад ці будуць займацца музыкай, колькі б я іх ні прымушаў. А вось унукі могуць быць добрымі музы́камі.

— Познія дзеці, напэўна, аддаляюць старасць?

— Разумею, што ў свае 59 павінен няньчыць унукаў, а няньчу сваіх дзяцей. Але я ніколі не лічыў сябе старым, нават калі насіў даўжэзную бараду. Аднойчы нехта напісаў ліст «Троіцы». «Вой, добра, што Івану Іванавічу не 85 гадоў. Я думаў, што ён хутка памрэ... А хто ж тады будзе спяваць у «Троіцы»?» На той час мне было гадоў 50 (смяецца). У мяне ёсць і два дарослыя сыны, 31 і 37 гадоў. Калі яны нарадзіліся, я быў яшчэ зусім «зялёны», шмат гастраляваў, мала часу з імі бавіў. Са Стэфанам і Агнешкай усё па-іншаму, гэта ўжо такое свядомае бацькоўства, якім я цешуся.

— Як бавіце час з дзеткамі?

— Як усе бацькі. І малюем, і кніжкі чытаем. Са Стэфанам выдумляем розныя гісторыі. У нас гэта вельмі добра атрымліваецца. Пераробліваем на свой лад старыя казкі. Напрыклад, калабок у нас застаецца жывы, яго не з'ядае ліса...

— Бачыла на вашай старонцы ў Фэйсбуку пляжны здымак, дзе вы несяце Агнію ў слінгу, Стэфана на плячах... Змалку прывучаеце дзетак да вандровак?

— Летась мы ўсёй сям'ёй ездзілі на мора ў Балгарыю. Тады мы з Кацяй (жонкай. — Аўт.) вырашылі дабрацца да магілы Вангі, што ў балгарскім сяле Рупітэ. Гэта быў няблізкі свет, 800 кіламетраў толькі ў адзін бок.

— Чаму менавіта да Вангі?

— Нас цікавіла не так Ванга, як тыя мясціны, дзе яна пахаваная. Там вулкан, вельмі моцная энергетыка. На жаль, не так доўга ў тым сяле былі, трэба было да цёмнага вярнуцца ў гатэль, бо дзеці малыя, іх трэба карміць ды ўкладваць спаць. Вырашылі, што абавязкова калі-небудзь яшчэ з'ездзім, каб яшчэ больш прапусціць праз сябе гэтае незвычайнае месца.

З дзет­ка­мі ка­ля ма­гі­лы Ван­гі.

«Жанчыны мне не перашкаджалі. Гэта галоўнае»

— Сям'я, «Троіца», монаспектаклі, кнігі, выкладанне... Як вы ўсё паспяваеце?

— Рана прачынаюся. Нават падчас гастроляў з «Троіцай» магу легчы ў дзве гадзіны ночы, але а пятай гадзіне раніцы я ўжо на нагах.

— Што вы паспелі зрабіць да нашай сустрэчы (завіталі мы ў госці да Івана Кірчука а дзясятай гадзіне раніцы. — Аўт.)?

— Зараз усе мае думкі з новай кнігай фолк-фэнтэзі «Города восхождений», на якую я збіраю сродкі на краўдфандынгавай платформе. Таму, як толькі прачнуўся, пачаў рассылаць каму толькі мог спасылку, выклаў кавалачак новай главы, каб зацікавіць. Справа рухаецца складана, відаць, сёння шмат людзей збірае такім чынам грошы.

— Праўда, што гэта Каця натхніла вас на новую кнігу?

— Так. Тры гады таму я паказаў ёй сваё фантастычнае апавяданне. Яна сказала, каб паспрабаваў сябе ў іншым стылі (да гэтага я пісаў дзённікі). Паспрабаваў і сам не заўважыў, як мяне зацягнула, самі сабой пачалі з'яўляцца новыя персанажы, нерэальныя абрады, загадкавыя рытуалы. У маёй кнізе няма ні змеяў, ні мышэй. Мне хацелася паказаць іншае: што ёсць той Сусвет, дзе мы бываем быццам бы ў сне. І гэты Сусвет дае нам каштоўныя веды.

— Вы перажылі два разводы. Ці зразумелі, што галоўнае ў сям'і, каб яна была моцная?

— Неяк у экспедыцыі адна бабулька сказала: «Кожнаму Бог пару дае. А вось колькі каму адведзена быць разам — невядома. Нават на адзін дзень ёсць пара і чалавек шчаслівы». Універсальнага рэцэпта няма. Але важную ролю адыгрывае падмурак, на якім будуецца сям'я. Ёсць такі абрад, калі незамужнія дзяўчаткі падыходзяць да бярозкі і завязваюць стужачкі. Адна — чырвоную, каб было каханне, другая — зялёную, каб было здароўе, а трэцяя — жоўтую, каб былі грошы. Некаторыя пытаюцца, ці можна завязаць некалькі стужачак. Дык вось нельга, трэба выбраць штосьці адно, галоўнае.

Нашы продкі з павагай адносіліся да Піліпаўскага посту. Падчас яго не браліся шлюбам. Лічылася, што ў гэты час свае вяселлі гралі ваўкі. Але моладзь цяпер да гэтага, на жаль, не прыслухоўваецца. Я сваім студэнтам заўсёды расказваю гісторыю пра тое, як суседку-варажбітку не запрасілі на вяселле. Яна пагрозліва сказала: "Вы мяне яшчэ ўспомніце". І незаўважна паклала паясок на парозе маладых. Калі яны пераступілі цераз яго, то ператварыліся ў ваўка і ваўчыцу. І пражылі ў ваўчынай шкуры сем гадоў, пакуль варажбітка іх зноў не ператварыла ў людзей. Гэтая гісторыя вучыць, каб мы з павагай ставіліся да суседзяў, сваякоў, асабліва ў час вяселля, калі ствараецца новая сям'я. Бо калі мы каго-небудзь не паважаем або крыўдзім, яны могуць зрабіць так, што мы сем гадоў будзем жыць, як ваўкі. Не ў прамым, а ў пераносным сэнсе. Можа, маладыя адно з адным, а можа, з сябрамі ці з раднёй.

— Кажуць, поспехі мужчыны залежаць ад жанчыны, якая побач. Якую ролю ў тым, чаго вы дасягнулі, адыгралі вашы жонкі?

— Самае галоўнае, што не перашкаджалі. Я чалавек заняты, з захапленнямі ў мяне заўсёды пад завязку.

— Наколькі мне вядома, Каця на момант вашага знаёмства была аспіранткай...

— Так, будзе хутка абараняцца. З нараджэннем дзетак яна прыпыніла працу над дысертацыяй. Мы працавалі разам на былой кафедры этналогіі і фалькларыстыкі. Каця вяла семінары і практычныя заняткі ў студэнтаў і па беларускім фальклоры... Часам ёй прыходзілася падмяняць Кірчука на занятках (усміхаецца).

— Як ужываюцца два этнографы-фалькларысты ў адной сям'і?

— У Каці іншы падыход да фальклору. Яна навуковец, а я больш практык. Амаль за 35 гадоў зрабіў шмат рэканструкцый абрадаў і свят. Зноў-такі мы адно аднаму не перашкаджаем. Калі б былі два навукоўцы, не ведаю, як бы гэта было.

— Чаму спынілі свой выбар менавіта на Каці? Не пужала розніца ва ўзросце ў 28 гадоў?

— Трэба запытацца недзе там наверсе. 14 гадоў да Каці я жыў зусім адзін, не планаваў больш ніякай сям'і. Не ведаю, як гэта растлумачыць. Асабліва калі ёсць працяг — двое дзяцей. Відаць, гэта трэба космасу, зямлі, людзям... У кожнага свая дарожка...

«Мама ведала зёлкі ад бясплоддзя»

— Вы ўжо больш як трыццаць гадоў збіраеце па вёсках фальклор. Падчас аднаго з інтэрв'ю сказалі, што галоўная этнаэкспедыцыя будзе да маці, якая пагадзілася праспяваць вам усе польскія песні, што ведае. Ці адбылася яна?

— Так, але мамы ўжо няма больш за год. У Дзеда Томаша па мамінай лініі было 14 дзяцей. Калі да нас прыязджалі цёткі ды дзядзькі і спявалі за сталом, вось тады трэба было іх запісваць. Але хто ж думаў, што людзі так мала могуць жыць на свеце?! Калі я ўжо вырашыў гэты запіс зрабіць, то з 14 братоў і сясцёр мне спявалі двое — мая мама і хросная. Яе таксама ўжо няма, на жаль. Праўда, яны больш плакалі, чым спявалі. Заўсёды падчас сваіх лекцый раю пачынаць збіраць фальклор са сваёй сям'і, свайго роду.

Мая мама была вельмі вядомай у Лідзе лекаркай. Яна ведала травы ад бясплоддзя. Сам тройчы бачыў, як на рынак маладзіцы прыносілі сваіх маленькіх дзетак, казалі: «Галіна Цімафееўна, яны нарадзіліся дзякуючы вам». Вельмі шкадую, што не дазнаўся ў мамы пра тыя зёлкі. Шмат усяго запісваў у розных краінах, дзе толькі мы з «Троіцай» не былі. Сваё ж неяк збоку было. Думаў, паспею...

— Неяк вам задавалі пытанне пра самы шчаслівы дзень у жыцці. Вы адказалі: «Перыяд, калі быў жывы бацька». Можаце пашырыць адказ?

— Таты няма больш за 10 гадоў. Мне і дагэтуль не хапае размоў з ім. Ён цікавіўся «Троіцай», з задавальненнем глядзеў фотаздымкі з гастроляў, якія я прывозіў. Дарэчы, мая першая экспедыцыя адбылася менавіта дзякуючы бацьку. У 1983 годзе я рабіў абрад «старадаўняе вяселле» і мне спатрэбіліся ручнік і посцілка. Кажу тату: «Давай купім?» — «Нашто купляць? Твае цёткі гэта ўсё робяць», — пачуў у адказ. У выніку мы прывезлі цэлую машыну экспанатаў. Бацька ёсць бацька. Вельмі б хацелася, каб сучасная моладзь гэта разумела, цаніла і шанавала сваіх татаў.

У маленстве бабуля мне расказвала, што першы чалавек нарадзіўся з хвастом. Але Богу гэта не спадабалася, бо звяры таксама з хвастамі ходзяць. Ён наслаў на Адама вельмі моцны сон. І пакуль той спаў, адрэзаў яму хвост ды паклаў побач. З тых часоў і павялося, што муж — галоўны, а жонка — хвосцік. А цяпер у сучасным свеце ўсё наадварот. Ідзе моцная жанчына і такі невялічкі хвосцік побач. Гэта ненармальна. Калі ёсць Бацька ў сям'і — гэта зусім іншая энергетыка.

«Ра­зу­мею, што ў свае 59 па­ві­нен нянь­чыць уну­каў, а нянь­чу сва­іх дзя­цей. Але я ні­ко­лі не лі­чыў ся­бе ста­рым, на­ват ка­лі на­сіў даў­жэз­ную ба­ра­ду.» Фота Сяргея Нікановіча.

 

— Чаму так важна ведаць свае карані і шанаваць бацькоў?

— Лепш намалюю (бярэ аловак і аркуш паперы). Гэта лінія — зямля, ці мая маці, а вось гэта лінія — дождж, ці мой бацька. Калі дождж праліўся на зямлю, з'явіўся расток, ці я. Калі ў мяне з бацькамі добрыя адносіны, дык атрымліваю ад іх сілы, здароўе, грошы. Калі я з татам, напрыклад, пасварыўся або няма паразумення з маці, энергетычны канал закрываецца. Я магу страціць працу, развесціся з жонкай, пачаць піць...

— Пакажыце мне якую-небудзь рэч, дзякуючы якой я змагу даведацца пра вас штосьці новае.

(Паказвае камень у форме пальца.) Калі я быў малы, знайшоў у сябе ў Лідзе на падворку вялікі валун. І на ім была нейкая літара. Я яго перацягваў з аднаго месца на другое, каб ён прыгожа ляжаў. Прайшло шмат часу, цікавасць да камянёў не страцілася. Куды б ні ехаў з «Троіцай» ці сям'ёй, адусюль цягну цэлы заплечнік цікавых камянёў.

Сад камянёў Івана Кірчука на лецішчы, якое падарыла мама.

— Як памежнікі на гэта рэагуюць?

— Нармальна. Кажу, што гэта рэквізіт для сцэны. Некалькі гадоў таму мама мне падарыла лецішча за 20 кіламетраў ад Ліды. Я там разбіў сад камянёў. Якой толькі формы іх там няма! Сын, як пабачыў тыя камяні, тут жа стаў іх перацягваць з месца на месца. Стэфан — гэта мая копія. Усё, што ён робіць, я рабіў у дзяцінстве.

Дарэчы, з камянямі адбываліся розныя містычныя рэчы. На працягу пяці гадоў я насіў у кішэні крэмень. Аднойчы, падчас майго вяртання з Варшавы, ён упаў і разбіўся на пяць кавалкаў. І ў мяне памёр сябра. Нашы продкі з вялікай павагай адносіліся да камянёў, яны верылі, што ўсё гэта жывое.

— У некалькіх сваіх інтэрв'ю вы ўзгадваеце Мулявіна, захапляецеся яго творчасцю. А ці былі вы з ім асабіста знаёмыя?

— Мы стаялі на адной сцэне, але асабіста, на жаль, не былі знаёмыя. Калі ў 1997 годзе быў праект "Песнярок", розныя гурты рабілі свае аранжыроўкі на "Песняроўскія" хіты. "Троіца" пераспявала тады "Рэчаньку". У выніку мы атрымалі першае месца ды грошы на запіс альбома. Мне казалі (я дакладна не ведаю, так гэта ці не), што Уладзімір Мулявін сам адбіраў песню-пераможцу.

— Ці бывалі ў вас творчыя крызісы?

— Я не паспяваў пра гэта задумацца. 10 гадоў існаваў гурт "Дзіва". Пасля гэтага з'явілася "Троіца". За 19 гадоў, што існуе гэты гурт, выйшла 7 кампакт-дыскаў, дзённікі... Мы прынялі ўдзел у больш як 100 міжнародных фестывалях. Дзе тут крызіс? У мяне няма на яго часу. Вядома, можна легчы на канапу і сказаць: "Не чапайце мяне. У мяне творчы крызіс". Можа, ведаеце гісторыю пра дзеда, які лёг паміраць? Яго дзеці запрасіла святара, каб той адпеў старога. Потым паселі каля ложка ды чакаюць. Дзень сядзелі, два сядзелі... На трэці дзень дзед не вытрымаў, устаў з ложка і кажа: "Я пайшоў працаваць, бо вы так і памраце з голаду".

— Пра што сёння марыце?

— Перавезці да юбілею (У верасні Івану Кірчуку спаўняецца 60 гадоў. — Аўт.) сваю трох'ярусную батлейку з Варшавы на лецішча. І каб у «Троіцы» з'явілася годная рэпетыцыйная кропка. Пакуль мы рэпетуем у Шчомысліцы. У сельскім клубе, дзе пакойчык, напэўна, у разы тры меншы, чым гэтая этналабараторыя.

А яшчэ мы з Кацяй усё часцей размаўляем пра тое, каб пераехаць жыць у вёску. У шматпавярховых дамах нездаровая энергетыка. Там, у кватэры наверсе, будуць сварыцца, недзе ўнізе кватэра наркамана, справа — алкаголікаў. У сувязі з тым што людзі жывуць не так, як іх продкі, узнікаюць пэўныя праблемы, у тым ліку і са здароўем...

Бліц-апытанка

— Ваша галоўнае багацце на сёння?

— Маленькія дзеці.

— Што для вас шчасце?

— Каб была праца. Калі прачынаешся і табе няма чаго рабіць, відаць, ты самы няшчасны чалавек.

— Дзе вашае месца сілы?

— Калі мама была жыва, я прыязджаў да яе, можна было патрымаць за руку... Сёння ж маё месца сілы паўсюль, дзе я знаходжуся ў канкрэтны момант.

— З кім са славутых людзей, якіх ужо няма ў жывых, вам хацелася б пагутарыць?

— З Чэславам Неменам. Я вельмі шмат гадоў слухаю тое, што ён пакінуў. "Троіца" была на яго магіле ў Варшаве. Мне вельмі падабаецца відэа, дзе Чэслаў Немен у кашульцы спявае пад гітару народныя песні. Ён з іх пачынаў. Неяк выйшаў часопіс "Jаzz-Квадрат". І так атрымалася, што ў ім артыкул пра мяне і пра Немена. Мне было прыемна, што мы хоць там разам. Дарэчы, мой псеўданім "Ян Ліда" вельмі сугучны з псеўданімам Юліуша Выдрыцкага. Ён ўзяў яго сабе у гонар ракі Нёман, на якой вырас.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Каментары

Отличный материал! с удовольствием прочитала
Вельмі прыемна, што вы атрымалі задавальненне!:-)

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».