Вы тут

Ад неўрозу — рэжым дня


Чым неўроз адрозніваецца ад іншых захворванняў? Тым, што запускае яго заўсёды стрэс. Стрэс — гэта неабавязкова нейкае велізарнае гора, цяжкія перажыванні і пакуты. Гэта яшчэ і проста непрыемная сітуацыя, якая доўгі час не можа вырашыцца. Ці, скажам, шматгадовая напружаная праца.

Калі быць уважлівым да сябе, то цяжка не заўважыць, што да цябе завітаў стрэс:

— пачынаеш адчуваць пастаянную стому;

— праблемы са сном (павярхоўны сон, яркія сны, кашмары, складанасці з засынаннем);

— ранняе (на 2-3 гадзіны раней) абуджэнне (гэты момант можа сведчыць пра дэпрэсіўны кампанент неўрозу);

— адчуванне разбітасці пасля начнога сну (сведчанне таго, што нервовая сістэма знясілена і арганізму патрабуецца дапамога);

— раздражняльнасць, змена эмоцый, рэзкія перапады настрою.

— Падобныя адчуванні ў розныя перыяды ці ў пэўных сітуацыях перажываюць усе людзі, — кажа намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце 3-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі г. Мінска Ларыса ДЗЯНІСАВА. — Аднак чым больш мы сабе гэтыя адчуванні забараняем, тым глыбей яны ўкараняюцца ў нас. Таму вельмі важна не проста валодаць сваімі пачуццямі, але і ўмець даваць ім выхад. Парады кшталту «вазьмі сябе ў рукі», «ты гэта можаш» толькі раздражняюць.

На самой справе стрэсам кіраваць можна. Для гэтага даўным-даўно распрацаваны спецыяльныя навукова абгрунтаваныя праграмы, якія тлумачаць, як ствараецца, назапашваецца стрэс, што пры гэтым адбываецца ў арганізме і як гэтыя стрэсы перамагаць.

І не трэба ставіцца да гэтага скептычна. Вопыт выкарыстання падобных праграм тысячы і тысячы разоў даказваў сваю эфектыўнасць. Словам, чытайце і паўтарайце:

1. Рэжым працы і адпачынку. Пад працай варта разумець і вучобу, і хатнія клопаты. У арганізме генетычна закладзены механізм сну і няспання. Акрамя таго, свой уласны рытм мае кожны наш орган. І з гэтым нельга не лічыцца.

2. Рацыянальнае харчаванне. Яго насычанасць спажыўнымі рэчывамі, жыццёва важнымі вітамінамі, мікраэлементамі і мінераламі. Вітаміны групы В — аснова нармальнага функцыянавання цэнтральнай нервовай сістэмы. Вітаміны А, С, Е — выдатны антыстрэсавы комплекс. Кальцый і магній дапамагаюць перажываць «штормы» і захоўваць раўнавагу. І г.д.

3. Злоўжываць нельга не толькі алкаголем ці нікацінам, але і такімі прадуктамі, як шакалад і кава. Апошнія, як і алкаголь, узрушваюць нервовую сістэму, шкодзяць ёй. Акрамя таго, усё пералічанае спрыяе развіццю залежнасці. А навошта нам лішнія залежнасці?

4. Памяркоўныя, рэгулярныя фізічныя нагрузкі. Арыентавацца трэба на ўнутраны камфорт. Нездарма адны бегаюць, другія прысядаюць, а трэція плаваюць. Можна хадзіць у сярэднім тэмпе 3-4 разы на тыдні 40-60 хвілін. Галоўнае, што любыя практыкаванні стымулююць расход адрэналіну і запускаюць фізічны, цялесны механізм вывядзення з арганізма рэшткаў малочнай кіслаты — наступстваў стрэсу, што назапашваецца ў нашых мышцах.

23-18

5. Рэлаксацыя. Зноў жа, аднаму дапамагае тут добрая кніга, другому — цёплая ванна. Але многім людзям гэтага бывае недастаткова. А таму варта пашукаць урача-псіхатэрапеўта. Такі ўрач выкарыстоўвае спецыяльныя методыкі — аўтагенную трэніроўку, нейрамышачную рэлаксацыю, асновы медытацыі, самагіпноз, «глыбокае дыханне». Дапамагчы чалавеку авалодаць гэтымі методыкамі — значыць навучыць яго розум і цела аўтаматычна скідваць нервовае, эмацыйнае і фізічнае напружанне. А значыць — процістаяць стрэсам.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.